Ксёндз Вячаслаў Барок. Нянавісць — подых д’ябла
Нянавісць – гэта подых д’ябла. “Ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы. Людзі будуць … непрыязнымі, непрымірымымі, паклёпнікамі, нястрыманымі, жорсткімі, ненавіснікамі дабра.” ( 2 Цім 3, 1.3)
Больш за 100 дзён у Беларусі адбываюцца мірныя пратэсты і, на фоне нацыянальнага ўздыму ды праяўлення найлепшых маральных якасцяў народа, асобнае месца займае нянавісць. Яна, на жаль, вельмі часта ўласцівая для тых, хто бароніць ранейшы савецкі і постсавецкі лад жыцця. У ім, вядома, каштоўнасці духоўныя не ёсць у прыярытэце. Там далей руляць чарка і шкварка.
Неаднойчы я і сам вымушаны быў выдаляць каментары з лаенкай, праклёнамі і ненарматыўнай лексікай, што мае апаненты пакідалі пад відэа на ютуб-канале, дзе разважаю пра хрысціянства ў сучасным свеце. Падобныя злыя выказванні нярэдка сустракаюцца на розных форумах і ў сацыяльных сетках. Гучаць таксама словы напоўненыя ненавісцю і з вуснаў сілавікоў ды высокіх чыноўнікаў — доказам таму з’яўляюцца безліч відэа ў інтэрнэце. Чаго ж толькі вартыя выказванні, якія распаўсюдзіліся, нібы вірусы, такія як, “мы ў палон нікога не бяром», “калі хтосьці дакранецца да ваеннаслужачага, ён адтуль павінен сыйсці як мінімум без рук». Што гэта, як прапанаваная нянавісць!?
На жаль, нянавісць не затрымоўваецца выключна толькі на вербальнай форме. Яна трансфармуецца таксама ў канкрэтныя дзеянні. Шакуе, напрыклад, факт забойства 50-цігадовага Генадзія, што мела месца 12 жніўня 2020 г. ў Салігорску. Забойцам, як высветліў суд, аказаўся 67-гадовы вайсковец на пенсіі, які працаваў ахоўнікам у мясцовым КГБ. Забойца і ахвяра да моманту трагедыі былі знаёмыя дзякуючы сацыяльным сеткам. Спрачаліся на палітычныя тэмы. Нападнік быў прыхільнікам дзеючай улады і, са сведчанняў сына ахвяры, не скупіўся ў абразьлівых каментарах у бок сваіх апанентаў. І вось, у выніку ля будынка КГБ, ён, пры дапамозе садовых нажніцаў, забіў свайго ідэйнага ворага. Так бы мовіць нянавісць дасягнула апагею.
Задумваючыся над гэтым актам ненавісці і насілля, я не магу не задаць пытанне: гэтае злачынства ёсць выпадковасцю,ці ўсё ж для грамадства з такой дзяржаўнай ідэалогіяй, якая ўласціва нашай краіне, можа, ўсё ж, заканамернасць? На жаль, следства ў Салігорску не адказала на гэта пытанне. Аднак, калі прааналізаваць усе трагічныя сьмерці, скалечанні, катаванні ды пыткі, якія мелі і надалей маюць месца ў супрацьстаянні сілаў дабра і зла ў грамадска-палітычным крызісе ў Беларусі, ўсё ж напрошваецца выснова, што не, гэта не выпадковасць. Сыстэма людзкіх узаемаадносінаў, выбудаваная дзяржавай на хлусні і несправядлівасці, прыхільнікаў аўтарытарнага рэжыму заточвае на праяўленне нянавісці да сваіх апанентаў.
Зрэшты, у гэтым няма нічога дзіўнага. Дзяржаўная ідэалогія Беларусі, якая чэрпае з камуністычнага мінулага, хочаш не хочаш, будуючы аўтарытарны рэжым у краіне, непазбежна сваіх прыхільнікаў вядзе да таталітарнай ментальнасці, што ў выніку ўвенчваецца тэрарызмам. Ён, як кажа Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, “… падвяргае пагрозам, раніць і забівае ўсіх без разбору; ён глыбока супярэчыць справядлівасці і любові.” (ККК 2297).
Аб неразборлівасці ненавісці і насілля ў адносінах да ўсіх членаў грамадства, сведчыць трагакамічны выпадак, калі адміністратыўнае пакаранне атрымаў ідэйны прыхільнік улады. Ён, калі сілавікі разганялі мірных грамадзян на Пушкінскай у Мінску і пры гэтым праяўлялі неправамернае насілле, падтрымоўваў маральна людзей у балаклавах і выкрыківаў: “бі, лупі, валі іх». Аднак, і сам быў затрыманы. Нездарма ж тэрарызм – неразболівы. Такое сведчанне 25 лістапада даў журналіст Ігар Карней, калі сам выйшаў на свабоду пасля 10 сутак няволі, дзе і сустрэў героя.
Зрэшты, аб тым, што камунізм можа трансфарміравацца толькі ў тэрарызм, казаў яшчэ папа Пій ХІ ў Энцыкліцы Divini Redemptoris, 23. (1937г.). Паралелі ж паміж той ідэалогіяй і сучаснай напрошваюцца самі. Ці можа быць па-іншаму? Не, думаю. Сёння, калі мы бачым з боку дзяржавы хвалю пераследу грамадзян за палітычныя погляды і выказванні сваіх думак, я ўзгадваю словы польскага філосафа кс. Юзэф Цішнера: “Таталітарная сістэма між іншым абапіраецца на тым, што не задавальняецца выключна на самастойным чыненні зла, але зацікаўленая ў тым, каб далучыць да яго як мага больш невінаватых грамадзян“ .
Той, хто сам тоне ў злачынствах і ненавісці, цягне за сабой і іншых. Між іншым, асабіста я ў гэтым і бачу ўсю тайну насілля ў Беларусі, якое распачалося адразу пасля сфальсафікаваных выбараў.