Ксёндз Вячаслаў Барок. Рэпрэсіі — гэта змаганне супраць вольнай думкі чалавека і супраць Бога.

Рэпрэсіі – гэта заўсёды страшна. Так было ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя, так і сёння ёсць ў Беларусі. Калі чуем пра рэпрэсіі, ў сэрцы адразу ўзнікае страх.

Разумею, што хтосьці скажа, што але ж у Беларусі няма палітвязняў, (хоць іх на сёння 251 чалавек) і яны ўсе звычайныя крымінальнікі… Ведаеце, ды я і сам, згодна з меркаваннямі некаторых, экстрэміст, а не прапаведнік. Але ж і такі від хлусні на дзяржаўным ўзроўні не ёсць чымсьці новым. Крыху нагадаю гісторыі, каб пераканацца ў слушнасці мудрасці Эклезіяста: “няма нічога новага пад сонцам.”

Так вось, у другой палове хх ст. у Беларусі, як канстатуе даследчыца Раіса Зянюк​, ёсць вядомыя звесткі пра 92 асуджаных каталіцкіх святароў і гэта амаль палова каталіцкага духавенства краіны. За што рэпрэсавалі ксяндзоў пасля вайны?

Адказ дае сам упаўнаважаны па справах рэлігіі таго часу. Ён пісаў: “За связь и поддержку антигосударственных и бандитских элементов, за непосредственное участие в антисоветской и шпионской деятельности в период с 1946 г. по 1 июля 1950 г. арестовано и осуждено на разные сроки тюремного заключения 62 ксендза. Чувствуя за собой вину перед государством и боясь понести наказание за свою антисоветскую деятельность 10 ксендзов сбежали”. У гэтых словах таксама чуем абвінавачванні ксяндзоў у бандытызме, шпіёнстве… як жа гэта блізка да абвінавачванняў сучасных.

Так што ж такое рэпрэсіі?

Рэпрэсіі- гэта змаганне супраць вольнай думкі чалавека. А значыць можна сказаць, што змаганне супраць самога Бога. Бо чалавек падобны да Бога дзякуючы свайму розуму і вольнай волі. Пры дапамозе гэтых двух дароў, чалавек можа выканаць сваё прадназначэнне: абраць жыццё ў свабодзе і стаць бліжэй Бога. Той жа, хто змагаецца супраць вальнадумства чалавека, змагаецца супраць Бога.

Тым не меньш, стаць ахвярай палітычных рэпрэсій гэта яшчэ не вяршыня трагізму. Думаю, каб Хрыстос сёння наведаў Беларусь, то нават не плакаў бы па тых, хто рэпрэсаваны. Бо яны хоць за кратамі, але свабодныя, бо дасягнулі ўнутраную свабоду.  Асабіста я захапляюся тымі людзьмі, якіх несправядліва асуджаюць на гады турэмнага зняволення, а яны пазастаюцца абсалютна спакойнымі і радаснымі, бо ведаюць, што праўда, Бог і закон ёсць на іх баку.

З Евангелля ведаем, што Хрыстос аднойчы плакаў па Іерусаліму, бо гэты горад, як сам сказаў пра яго: “не даведаўся часу адведзінаў” (Лк 19,44) яго Божым пасланцам.

А таму можна меркаваць, што ў Беларусі Хрыстос бы плакаў па тых, хто не распазнаў у гэтым свеце свайго прадназначэння, так як не распазнаў яго Іерусалім. Плакаў бы па тых, хто замест свабоды выбраў рабства, дазволіў сябе зняволіць укладамі зямнаго жыцця, коштам магчымасці свабоднага выказвання сваіх думак і паводзінаў згодных з сваім сумленнем.

Чалавек, якому падаецца, што ён не можа жыць згодна з сваім сумленнем, які жыве па-прынцыпу “гэта не мы такія, гэта жыццё такое», ёсць сапраўдным рабом ХХІ стагоддзя.

Хрысціяніну заўжды лягчэй у гэтым свеце. Хрысціянін мае хрост. Гэта незьнішчальная пячатка пастаўленая самім Богам на чалавеку. Яна сведчыць, што чалавек з’яўляецца грамадзянінам Божага Валадарства. Грамадзянінам свабодным. Гэта прыналежнасць важней за грамадзянства Рымскай імперыі, якім напрыклад мог ганарыцца Апостал Павел.

Так Апостала маглі судзіць толькі  рымляне. Так і нас судзіць можа толькі Бог. Ён меў права свабоду нам даць і ён мае права свабоду забраць.

Калі ж чалавек сам дабравольна адмаўляецца ад сваёй свабоды, ён грашыць супраць Бога.

Апостал Пётр жа ў першым Пасланні кажа, што Хрыстос, калі ёсць патрэба, то сам прыходзіць да тых хто ў вязніцы (пар. 1П 3, 18) і сёння  ратуе праз хрост (1 П 3, 21). Той хто мае хрост, заўсёды можа асягнуць паўнату вольнага жыцця, ды, пры дапамозе Божай, вызваліцца з любой няволі.

Час Вялікага посту, які ўжо маюць католікі, гэта асаблівы час.  Бог дазваляе нам вырвацца з жыццёвага віру і засяродзіцца над самымі фундаментальнымі справамі нашага жыцця. Задумацца над сваім прадназначэннем.

Напэўна варта задумацца і над тым ці наша жыццё ёсць жыццём свабодных людзей? Ці часам не сталася так, што мы праменялі сваю свабоду на штосьці іншае і гэта па нас сёння плача Хрыстос, так, як некалі па Іерусаліму.

Вялікі Пост – гэта час вызвалення з-пад улады граху і зла і асягненне паўнаты свабоды.  Няхай тыя рэпрэсіі, якія мы ўзгадалі, стануць для нас матывацыяй не дзеля таго, каб упрыгожыць ці толькі паслабіць кайданы і ланцугі няволі, але памкненнем у асягненні цалкавітага вызвалення.

Прапаную на гэтым канале, ў перыяд посту, паразважаць пра вызваленне з няволі. У хуткім часе выйдзе цыкл з трох разважанняў на гэтую тэму. Заставайцеся на канале.