Каталіцкай верніцы прысудзілі 10 сутак арышту за малітву каля касцёлу
Віцяблянка Ала Рошчынская 13 лістапада прыйшла да катэдральнага касцёлу Езуса Міласэрнага ў Віцебску, каб памаліцца за супакой душы забітага Рамана Бандарэнкі. Усклала кветкі да крыжу, запаліла лампадку, разам з іншымі стала ў ланцуг памяці. 7 снежня суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў яе за гэта 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Жанчыну затрымалі адразу па сканчэнні працэсу.
«Я каталічка. Я хацела ўшанаваць памяць нявінна забітага чалавека, памаліцца за ягоную душу. У чым я парушыла закон?..» – пыталася на працэсе Ала Рошчынская.
Паводле пратаколу, жанчыну вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (ч.3 арт. 23.34 КаАП). З пратаколам Ала Рошчынская не згадзілася і заявіла, што гэта не было не пікетаваннем, а супольнай малітвай. «І гэта апагей цынізму і невуцтва – тое, што нас там здымалі на камеру і хацелі затрымліваць», – заявіла віцяблянка.
Справу Рошчынскай разбіраў суддзя Міхаіл Юрчанка. Ён некалькі разоў удакладняў, ці сапраўды быў зачынены касцёл і ці прамаўлялі людзі малітвы ў ланцугу і каля крыжу. Згадаў нават ксяндза Вячаслава Барка, асуджанага нядаўна на 10 сутак арышту ў Расонах.
Пасля прагляду відэадоказаў і апытання сведкі – супрацоўніка Першамайскага РАУС Станіслава Юрава, суддзя Міхаіл Юрчанка прызнаў верніцу вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і пастанавіў пакараць яе адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.
«Апроч вас, высокі суд, ёсць яшчэ Найвышэйшы суд. Так што падумайце пра сябе і пра сваю душу», – сказала Ала Рошчынская.
Жанчына была затрыманая ў зале паседжанняў адразу па сканчэнні працэсу тым самым міліцыянтам Юравым.
Але Рошчынскай 54 гады. Пасля прэзідэнцкіх выбараў яе ўжо двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34 КаАП, некалькі сутак да судоў яна ўжо адбывала за кратамі ІЧУ (СІЗА). Адміністрацыйны пераслед зазнала і дачка Алы Рошчынскай Ганна.