Інтэрвію Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі біскупа Алега Буткевіча: “Адмовіць Папу – гэта не камільфо”.
Старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч даў вялікае інтэрвію “Радыё Марыя”. Грамадска-палітычныя тэмы іерарх у інтэрвію не закранаў, а распавёў пра лёсавызначальныя моманты з дзяцінства і маладосці, а таксама паразважаў пра асаблівасці святарскага служэння на ўсходзе Беларусі.
У гады яго дзяцінства ў горадзе Браславе, дзе жыў будучы біскуп, каталіцкі храм заставаўся адчыненым. Буткевіч лічыць гэта за шчасце і вялікі Божы дар. Аднак ён узгадвае, што ў тыя часы “паходы ў касцёл былі звязаны з небяспекай. Але я меў магчымасць хадзіць туды рэгулярна”.
Далей біскуп Алег падзяліўся, што вялікую ролю ў ягоным рэлігійным выхаванні адыгралі ягоныя сёстры, “бо жанчыны больш рэлігійныя па натуры”. Неўзабаве ён стаў міністрантам, і гэтае служэнне займала шмат часу, бо якраз у краіне змянялася сістэма. Іерарх прызнаўся, што хоць у яго і калаціліся рукі, калі ён трымаў ампулы, і яго не пакідала пачуццё, што пры алтары адбываецца штосьці важнае і ўзнёслае, ён увогуле не думаў пра святарства.
“Я не меў амбітных планаў у дзяцінстве і быў моцна прывязаны да сельскай гаспадаркі. Мне гэтая плынь была блізкая да сэрца. Любіў касьбу. І ў будучыні хацеў стаць хлебаробам, вырошчваць хлеб”, – дадаў святар.
Таму юнак і паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт у Мінску. А скончыўшы адукацыю, пайшоў у семінарыю. “Я падумаў, а чаму б не паспрабаваць? Я не быў перакананы да канца, што гэта маё. Аднак Бог заўсёды пакідае свабоду выбару для чалавека. Я не ішоў адразу класціся крыжам на пасвячэннях, але атрымаць час для распазнання, – распавёў біскуп. – Памятаю, я прыйшоў на размову з тагачасным дырэктарам калгасу — вядома, пасля вучобы мне трэба было адпрацаваць. Аднак у грамадстве ў той час працягваліся змены і панавала такая дэнамінацыя, што хапіла адной бацькавай зарплаты, каб вярнуць грошы ўніверсітэту. Таму гэты чалавек і не патрабаваў адпрацоўкі і нават сказаў “добра”, што іду ў семінарыю”. Разам з тым біскуп дадае, што ягоны тата меў праблемы ў працы, калі “зверху” даведаліся, што ягоны сын будзе вучыцца на святара, а дачка ідзе ў кляштар.
“У час майго навучання ў семінарыі нас было па-над сотню. Будынак былога кляштару выкарыстоўваўся для судмедэкспертызаў, таму ўсе памяшканні патрабавалі рамонту. Умовы былі сціплыя, жылі па 14 чалавек у пакоі. Але не гэта было галоўным, а тое, што я пачаў адкрываць свет духоўнага жыцця. Як чалавек, які жыў у атэістычнай сістэме, дзе ў школе казалі “Бога няма, душы няма”, я зразумеў, што гэта падман, камусьці выгадная ідэалогія. І мне падабалася, што хрысціянства – вельмі лагічная рэч”, – разважае іерарх.
З удзячнасцю біскуп Алег узгадаў духоўных айцоў – кс. Міхала Варанецкага, кс. Тадэвуша Вышынскага, кс. Ежы Лявінскага. Менавіта гледзячы на іх ён зразумеў, што служэнне Богу — справа вартая таго, каб прысвяціць ёй жыццё, і што Бог дапамагае перажыць нават нялюдскія выпрабаванні. “Па сёння памятаю невялічкі, дакладна некалькі сантыметраў у вышыню, выразаны з металу, келіх кс. Міхала, з якога ён адпраўляў Імшу ў сталінскіх лагерах. Калі чалавек у такіх умовах не адмовіўся ад Бога, не страціў свайго паклікання, то значыць нешта стаіць за гэтай рэчаіснасцю. Нешта куды мацнейшае, чым сучасныя сілы гэтага свету”, – адзначыў іерарх. Але асноўны ўрок, які ён вынес з навучання духоўных айцоў, гэта незалежна ад паклікання, ці то кіраўнік, ці то рабочы, святар або лекар – заставацца чалавекам, і на гэтым будаваць прафесійныя якасці.
Першую самастойную парафію будучы біскуп Алег меў у Бешанковічах, на ўсходзе Беларусі, дзе ён атрымаў заданне збудаваць мураваны касцёл замест знішчанага камуністычнымі ўладамі драўлянага. “На тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі ў свой час былі вялікія парафіі і святыні. У Сянно разбураны касцёл мог бы быць базілікай. У кожным райцэнтры быў храм, і карані каталіцкія на гэтых тэрыторыях напэўна былі. (…) Касцельныя супольнасці, што існуюць на ўсходзе сёння, узялі свой пачатак з людзей, якія пераехалі з захаду. Гэта камерныя душпастырствы, дзе няшмат людзей, і святару проста трэба з імі быць”, – адзначыў іерарх. Ксяндзам, які служаць на ўсходзе, ён раіць часцей сустракацца паміж сабой, “бо мы жывем у Беларусі, а не ў Расіі, і адлегласці не такія вялікія”.
Разам з тым святар прызнаўся, што не ўсведамляў маштабаў працы, якая чакала яго на пасадзе біскупа Віцебскай дыяцэзіі. Ён адразу пагадзіўся прыняць прапанову стаць біскупам, бо Святы Айцец дзеля яго кандыдатуры зрабіў выключэнне, не патрабаваўшы наяўнасці вышэйшай тэалагічнай адукацыі. “А адмовіць Папу – гэта не камільфо”, – падсумаваў біскуп.
Фота: catholic.by