Барыса Хамайду аштрафавалі на 1350 рублёў – за «пікет, які доўжыцца 14 гадоў»

24 снежня cуд Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафаваў найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду на 50 базавых велічыняў. Суддзя Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў не дазволеным уладамі пікетаванні. Дзеянні актывіста былі кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт.23.34 КаАП.

Барыс Хамайда не адказаў на пытанне пра давер да складу суду, але патлумачыў Вользе Шапавал, што пасля 1996 году ніводзін з сённяшніх суддзяў не мае законных паўнамоцтваў, бо ўсе яны прызначаныя нелегітымным кіраўніком.

Паводле пратаколу, складзенага супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС, Барыс Хамайда 9 снежня каля дому №30 па вуліцы Леніна «ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні». Размясціў там плакат з лозунгам «Жыве Беларусь!», улётку з друкаваным тэкстам «Ты пераможаш!» і стужкі бела-чырвонага колеру. На думку міліцыянтаў, сваімі дзеяннямі Хамайда парушыў парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Барыс Хамайда звярнуў увагу суду на тое, што першапачаткова быў іншы пратакол, у якім былі яшчэ пазначаныя БЧБ-сцяжок і малітва-вышыванка «Ойча наш». Замену пратаколу суддзя ніяк не патлумачыла. 

Асаблівае абурэнне ў актывіста выклікаў той факт, што міліцыянты ў яго забралі два тэлефоны, а ўмовай вяртання назвалі выплату штрафу.

«З малітвай-вышыванкай і расцяжкай, якая заканчваецца словамі «Жыве Беларусь», я стаю апошнія сем гадоў. А з бел-чырвона-белай стужкай адстаяў дзесьці гадоў чатырнаццаць. Калі яны лічаць гэта пікетам, то ён занадта доўга працягваўся. Сем і чатырнаццаць гадоў. А ўвогуле ўжо дваццаць чацвёрты год. І яны толькі цяпер уздумалі пісаць пратакол?..» – абурыўся Хамайда.

З пратаколам актывіст не пагадзіўся, віны сваёй не прызнаў, ад дачы паказанняў адмовіўся, бо свае дзеянні пікетам не лічыць.

«Я паказваю, што я жыву ў Беларусі, што тут жывуць беларусы, што тут ёсць гісторыя, што бел-чырвона-белы сцяг – сцяг гістарычны… І з боку маралі, і з боку законнасці – усё нармальна. Я лічу, што гэтак выказваў нацыянальны, беларускі інтарэс, а грамадскі ён ці палітычны, вызначайце самі», – сказаў Барыс Хамайда.

Пасля агучвання матэрыялаў справы суддзя Вольга Шапавал прызначыла Барысу Хамайду штраф у памеры адной тысячы трохсот пяцідзесяці рублёў (50 базавых велічыняў).

Суд доўжыўся 20 хвілінаў.

С. Горкі, Віцебская Вясна