Беларусь — тэма нумару газеты “Tygodnik Powszechny”
Польскі каталіцкі штотыднёвік “Tygodnik Powszechny” прысвяціў Беларусі вокладку, калонку рэдактара і тры артыкулы на гэтым тыдні.*
У свой час у гэтай аўтарытэтнай газеце рэгулярна друкаваліся Караль Вайтыла (будучы папа Ян Павел ІІ) і Чэслаў Мілаш. Яна была адным з стваральнікаў польскай “Салідарнасці”.
На самым пачатку кс. Адам Банецкі, аўтар уступнага рэдакцыйнага артыкула,
прыгадвае пра доўгую гісторыю заманьвання ў СССР і знішчэнне дысідэнтаў савецкімі спецслужбамі. Разважаючы пра арышт Рамана Пратасевіча, ён адзначае, што спецслужбы Лукашэнкі, “які незаконна выкарыстоўвае тытул прэзідэнта”, пайшлі яшчэ далей. Ён завяршае свой артыкул так: “Раману Пратасевічу — 26 гадоў. Ён для мяне як дзіцё, па-іншаму я думаць не магу. Лукашэнка залічыў яго ў тэрарысты. Тое, што здарылася 23 траўня, паказала не толькі пыху дыктатара, але і нагадала, у якім свеце мы жывем. Гэтага хлопца катуюць, бо ён казаў і пашыраў праўду пра дыктатара. Ці гэта значыць, што ён — голас прайгранай справы? Гэта залежыць таксама ад нас, вольнага свету”.
Таксама ў гэтым нумары друкуецца доўгая хроніка самых апошніх арыштаў, смяротных выпадкаў і пераследу журналістаў і СМІ, звязаных з зачысткай грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі. Тэму працягвае інтэрв’ю з Сцяпанам Пуцілам, былым паплечнікам Р. Пратасевіча і стваральнікам самых папулярных у Беларусі Тэлеграм- і Ютуб каналаў, якія рэдагуюцца беларускімі ўцекачамі ў Польшчы.
Заканчваецца цыкл матэрыялаў пра Беларусь кароткім артыкулам пра значэнне для сусветнай супольнасці прымусовай пасадкі лайнера з Р. Пратасевічам на борце. Журналіст адзначае, што Лукэшэнку і Пуціна яднае страх супраціву іх суграмадзян. Многія беларускія дысідэнты, журналісты і іх сем’і знайшлі прытулак у Польшчы. Нягледзячы на сур’ёзную мяжу, з Польшчы на ўсход шматлікімі каналамі працягвае ісці дапамога. “У чаканні на падзенне дыктатараў такі ўзаемны суседскі клопат з’яўляецца настолькі ж важным, як і цвёрдая палітыка”, — падсумоўвае “Tygodnik Powszechny”.
* Пасля стварэння ўліковага запісу артыкулы можна прачытаць задарма.