Ксёндз Вячаслаў Барок: Некаторым сучасным хрысціянам Хрыстос непатрэбны. Яны маюць свайго цара, і не такога, які едзе на асле
Калі аналізуем усё тое, што адбывалася падчас урачыстага ўваходу Ісуса ў Іерусалім, даходзім да вельмі важнага пытання.
Так насамрэч, жыхары Іерусаліма з радаснымі воклічамі “Гассана Сыну Давіда” вышлі Ісуса сутракаць, ці яны ўсё ж развітваліся з Богам раз і назаўсёды? Гэта безумоўна толькі пытанне. Але ж гэта пытанне нараджаецца ў той час, калі бачым натоўпы людзей ў нашых хрысціянскіх святынях ва ўрачыстасць Пальмовай нядзелі. І яно ўжо тычыцца сучасных хрысціянаў, якія прыходзяць у храм толькі для таго, каб асвяціць вярбу. Калі так, то робяць гэта дзеля таго, каб прышоўшы на спатканне з Богам, сказаць Яму: мы жывём сваім жыццём і Бог нам не патрэбны.
Чаму можна асмеліцца зрабіць такую выснову, а таму што тыя людзі, якія ў Іерусаліме аднаго дня ўсклікалі словы праслаўлення новаму цару — Ісусу, праз некалькі дзён з неменьшым імпэтам у прысутнасці Пілата крычалі: “Укрыжуй Яго!”, патрабуючы смерці Божага Сына.
Ці ж не лагічна рабіць выснову, што Ізраіль не вітаў Ісуса, але развітваўся з Ім?
І адпаведна, такую ж выснову можна рабіць і пра некаторых сучасных хрысціянаў, пра тых, што раз на год прыходзяць, вербачку асвяціць. Яны прыходзяць — не вітаць Ісуса-цара, але з Ім развітвацца. Бо цягам усяго года паказваюць — Ім Хрыстос непатрэбны. Яны маюць свайго цара, і не такога, які едзе на асле. Але цара моцнага, які мае войскі, безліч сілавікоў, сам лётае на самалётах, ды верталётах, бегае з аўтаматам у руках. Такі цар мае сапраўдную сілу, бо мае моц чалавека ў турму пасадзіць, пабіць і нават забіць. Мае моц з працы выгнаць, пазбавіць сродкаў да ўтрымання, заробку а нават пенсіі. І вось гэтага цара чалавек баіцца і яму пакланяецца.
Падзеі свята ўрачыстага ўвахода Ісуса ў Іерусалім наўпрост змушаюць нас усіх, але кожнага асабіста, задаць сабе пытанне: хто ёсць маім царом? Якому цару служу я і каму пакланяюся? Ці прызнаю я, што маім адзіным царом, уладу якога прызнаю, з’яўляецца Ісус? Бо толькі Ён мае сапраўдную ўладу, а не ўладу ўзурпатараў, што ўласціва зямным царам.