Царква і палітычны крызіс у Беларусі

«Хопіць біць сябе ў грудзі». Славуты опэрны сьпявак Сільчукоў — пра звальненьне і пра пераасэнсаваньне гімну «Магутны Божа»

«Хопіць біць сябе ў грудзі». Славуты опэрны сьпявак Сільчукоў — пра звальненьне і пра пераасэнсаваньне гімну «Магутны Божа»

«Хопіць біць сябе ў грудзі». Славуты опэрны сьпявак Сільчукоў — пра звальненьне і пра пераасэнсаваньне гімну «Магутны Божа»

Ільля Сільчукоў, 38 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальнае аддзяленьне Менскай музычнай вучэльні імя М. Глінкі, вакальнае аддзяленьне Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году — саліст Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая Опэра» на канале «Культура». Мае мэдаль Францыска Скарыны (2015). Удзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў звольнены з тэатру.

Пераасэнсаваньне хрысьціянскага гімну «Магутны Божа»

— Адзін з найбольш драматычных і кранальных музычных твораў, створаных за апошнія месяцы, — кліп на рэлігійны гімн «Магутны Божа». Галоўную ролю ў відэакліпе грае купалавец Павал Харланчук, тэкст чытае Юлія Шпілеўская, скарыстаны вельмі моцны відэашэраг шматтысячных пратэстаў жніўня-верасьня. У кліпе вельмі шмат сымбаляў. Як зьявілася гэтая ідэя, як рэалізоўвалася?

— Ідэя зьявілася за год да гэтага, калі я замовіў апрацоўку гэтага твору для сымфанічнага аркестру. Яе зрабіў выдатны кампазытар Канстантын Яськоў, які цяпер таксама не ў Беларусі, на жаль. Ён пакінуў працу ва Ўнівэрсытэце культуры. Мы зь ім пазнаёміліся год таму на Эўрапейскіх гульнях у Менску (уся музыка, якая гучала на цырымоніі адкрыцьця, — Канстантына Яськова). Гэта ўсё высьпявала… На пачатку вясны 2020 году аркестроўка была зробленая. І я пачаў разумець, што ўсё гэта нездарма, і калі пачаліся падзеі са зборам падпісаў, першыя затрыманьні, арышты Ціханоўскага і Бабарыкі, я вырашыў, што трэба рабіць… І пасьля выбараў ніякай іншай думкі ў мяне не было. Мы здымалі кліп з маім сябрам і творчым калегам Дзьмітрыем Сямёнавым-Алейнікавым, які рабіў першы мой кліп «Мова» ўлетку. Кліп «Магутны Божа» мы здымалі ў верасьні на тым жа самым полі, дзе здымалі «Мову».

— Маглі б расказаць пра людзей, якая разам з вамі на тым полі? Некаторыя твары я пазнала…

— Мы кінулі кліч у артыстычным тэлеграм-канале — хто можа дапамагчы і паўдзельнічаць у гэтым праекце. Там здымаліся мае сваякі, мая радня, мае дзеці, мая жонка Тацяна і шмат людзей, проста неабыякавых да сытуацыі, музыкаў і не музыкаў. Умовай было, каб людзі ведалі тэкст гімну. Я глядзеў, як, едучы на машынах, людзі яго завучвалі. Неабыякавасьць людзей моцна ўзрушвала.

— Шмат гадоў вядзецца дыскусія пра тое, якім павінен быць сапраўдны беларускі гімн. Вельмі многія прапаноўваюць «Магутны Божа». Мне асабіста як гімн ён падаваўся крыху журботным, не жыцьцесьцьвярджальным. Я сама яго шмат разоў сьпявала, і заўсёды былі невясёлыя нагоды. Але ўпершыню ў вашым выкананьні пры канцы я адчула ў ім тое, што мае быць у гімне — урачыстасьць і радаснае завяршэньне.

— Гэта было асноўнае. Я з вамі згодны. Калі я думаў, які гімн я мог бы прыгадаць на памяць, то ўсё, што ёсьць, гэта песьні пра нядолю і жыцьцёвую самоту. Нешта ўсё ў нас у міноры. І хацелася гэтай апрацоўкай, якую мы рабілі з Косьцем, даць такі гераічны момант, зрабіць перапрацоўку і пераасэнсаваньне гэтага гімну. Мне падаецца, што хопіць у скрусе сядзець і біць сябе ў грудзі, што нічога ў нас не атрымліваецца. Усё ў нас атрымліваецца. Ёсьць свае таленты, ёсьць свае музыкі, склалася на сьлязах, на ляманце гэтым, на мучаніках беларуская нацыя, хоць, канечне, нам трэба будзе ісьці і ісьці…

Поўная версія інтэрв’ю, Ганна Соўсь, Радыё Свабода


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава