Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Пра страх Божы і чалавечы

Пра страх Божы і чалавечы

Пра страх Божы і чалавечы
Аўтар
Incognito

ВячкаДраник

Православный богослов.

Летам на канале «Хрысціянскай візіі» выйшаў шэраг пастоў (раз, два, тры), прысвечаных планам пабудовы Гродзенскай епархіяй храма ў аграсядзібе «Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”». Праект выглядаў, перш за ўсё, ідэалагізаваным, а ў дадатак — абсалютна немэтазгодным па месцы і прызначэнні.

Гартаючы прэсу, убачыў, што гэтая гісторыя атрымала працяг.

27 верасня архіепіскап Антоній здзейсніў асвячэнне першага вянца драўляных сцен будучага царкоўнага будынка. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовага чынавенства, галоўны спонсар у асобе дырэктара Гродзенскага мясакамбіната Алега Іванова і так званыя «почетные гости». Пасля малебнай часткі кіраўнік епархіі звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, змест якой выклікае пэўную цікавасць ў кантэксце эвалюцыі гэтага праекта. Менавіта з яе ўрэшце становяцца вядомымі некаторыя важныя рэчы. 

Па-першае, гэта ўсё ж будзе не храм, а капліца. Што значна менш абавязвае ў параўнанні з храмам. Бо ў капліцы не бывае прастола, адпаведна, там не будзе і літургічнага жыцця, а значыць, не будзе прыходскай супольнасці і канкурэнцыі з храмам ва ўласна Каробчыцах. А будзе проста нейкае месца, куды можна будзе зайсці, паставіць свечку, пастаяць пару хвілін — падумаць пра вечнае — і выйсці.

Ці быў дадзены праект ад пачатку задуманы як капліца, а не як паўнавартасны храм, сказаць складана. З даступных на той момант публікацый у епархіяльных і свецкіх СМІ нельга было зразумець, што канкрэтна мелася на ўвазе. Бо пад агульнай назвай «храм» магло разумецца і тое, і другое. Але, калі карэкціроўка адбылася праз уплыў крытычных водгукаў (што ў гэтым месцы апрыёры немагчыма існаванне царкоўнай грамады як такой), якія пачула епархіяльнае кіраўніцтва, то можна толькі пацешыцца з гэтага прыемнага факта.

Па-другое, урэшце раскрылася галоўная інтрыга! Было агучана, што капліца будзе асвячона ў гонар святога дабравернага князя Глеба Гарадзенскага! Дагэтуль не было вядома, у гонар якога святога назавуць аб’ект і ці будзе гэта наогул нейкі святы. Бо, ізноў жа, дзяржаўныя і епархіяльныя медыя ў сваіх матэрыялах рабілі акцэнт выключна на тым, што ўсё робіцца «в честь / в ознаменование 80-летия освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков». Ад чаго стваралася ўражанне, быццам размова ідзе не пра царкву, а пра чарговы свецкі мемарыял. Цяпер жа, прынамсі, у прамове архіепіскапа Антонія гэты лэйбл «80-годдзе» — застаўся, але ўжо быў пасунуты на другое месца. Спадзяемся, што гэта адбылося ў выніку разумення ненармальнасці такой сітуацыі, калі яўна перабралі з ангажаванасцю дзяржідэалогіяй. І на тым, як кажуць, — дзякуй! Як і за тое, што нейкім цудоўным чынам выбар нябеснага патрона для капліцы быў зроблены на карысць не проста беларускага святога, а менавіта — з гарадзенскай зямлі. Такое можна толькі вітаць!

Па-трэцяе, асабліва звяртае на сябе ўвагу той момант прамовы, дзе архіепіскап Антоній кажа пра важнасць пабудовы храмаў. І робіць гэта практычна ў форме маніфестацыі такой спецыфічнай рэлігійнасці, дзе храм важны сам па сабе. Дзе культ накіраваны не на асобу Хрыста, а на храм! Храмы, паводле яго, гэта нейкія інструменты прыцягнення Божай ласкі, без якіх тая ласка ад Бога не даходзіць да людзей! З чаго вынікае, што самае галоўнае — гэта будаваць храмы і туды хадзіць, што будоўля і функцыянаванне храмаў — гэта мэта, якая апраўдвае ўсе сродкі. Уключна з тымі, якія ў вачах хрысціяніна (ці нават простага адэкватнага свецкага чалавека) выглядаюць амаральнымі. Зрэшты, як мы бачым апошнія мінімум 4 гады, уся БПЦ у рэчышчы такой філасофіі і жыве: будаваць храмы, хавацца ў іх і служыць свае службы, не чуючы і не бачачы ні зла, ні тэрору, ні пакутаў, ні болю, ні слёз… 

І па-чацвёртае. Напрыканцы прамовы архіепіскап Антоній робіць вельмі дзіўны камплімент на адрас галоўнага спонсара будаўніцтва капліцы — Алега Іванова. Цытата: «Вы имеете страх Божий, но не имеете страха человеческого. Кто боится Бога, тот не боится человеков». Фактычна, гэта парафраз вядомага выказвання, якое прыпісваюць свяціцелю Афанасію Александрыйскаму: «Хто сапраўды баіцца Бога, той нікога не баіцца». І яно мае канкрэтны духоўны сэнс: баючыся, то бок жывучы ў праведнасці перад Богам, чалавек можа не баяцца свету і таго ліхога, што ёсць у ім ад людзей. Гэта пра сумленнасць як шлях да свабоды ад злых чыннікаў жыцця ва ўсіх іх праявах. 

І вось такія словы гродзенскі архіепіскап звяртае да свецкага чыноўніка толькі за тое, што той НЕ ПАБАЯЎСЯ ініцыяваць пабудову капліцы на тэрыторыі свайго прадпрыемства і фінансава ў гэта ўкладацца… Няўжо ў сучаснай Беларусі рабіць такія рэчы — страшна? І трэба мець немалую мужнасць і смеласць, каб на іх вырашыцца? Пры той лаяльнасці да дзяржавы, якую дэманструе БПЦ, і пры тых адносінах да яе ў адказ з боку афіцыйных уладаў праблемы такога кшталту складана сабе ўявіць! Але чаму б лішні раз не засведчыць сваю адданасць «партыі і ўраду», выкарыстоўваючы, у тым ліку, вядомы духоўны тэзіс у маніпулятыўным рэчышчы?  

І што асабліва рэжа вуха ў гэтай гісторыі, дык гэта тое, што дадзеная фраза, адрасаваная прадстаўніку, па сутнасці, дзяржнаменклатуры, у бягучым грамадска-палітычным кантэксце ўвогуле не адпавядае характару яе паводзін. Хто з беларускіх чыноўнікаў так «баіцца Бога», што перастаў «баяцца людзей»?! Хто з іх, за вельмі рэдкім выключэннем, за апошнія 4 гады хоць нешта сказаў супраць сістэмнага тэрору і рэпрэсій у бок беларускага народа? Хто з іх прама і ўголас абурыўся скатваннем дзяржавы ў фармат «иногда не до законов»? Хто з іх адмовіўся ад пасад і прывілеяў, не жадаючы мець нічога супольнага са злачынным апаратам? Нешта не чуваць гісторый пра такія рэальна смелыя ўчынкі прадстаўнікоў бюракратыі і наменклатуры! 

Але, як відаць, для БПЦ у цэлым і для Гродзенскай епархіі ў прыватнасці гэта не складае ніякіх праблем. Чыноўнікам з боку іерархіі будуць сказаныя любыя патрэбныя словы, абы толькі будаваліся храмы і капліцы…

Пакуль рэальныя героі, якія не пабаяліся казаць Праўду, будуць сядзець па турмах і туляцца па чужых краях. І слёзы і пакуты якіх не жадае заўважаць такая «царква», якая якраз добра ведае, каго і чаго ёй баяцца!


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава