«Беларускі мартыралог» у Рыме: выстава партрэтаў палітвязняў адкрылася пры Парламенце Італіі
Аўтар партрэтаў — мастачка Ксіша Анёлава. Праект, у склад якога ўваходзіць таксама перформанс «Палітвязні гавораць», рэалізуецца ініцыятывай «Хрысціянская візія» (каардынатарка праекта — Наталля Гарковіч).
Выстава адкрылася пры падтрымцы Народнай амбасады Беларусі ў Італіі, асацыяцыі «Талака» (прэзідэнтка — Юлія Юхно), амбасады Літвы ў Італіі.
На адкрыцці прысутнічалі віцэ-спікерка Палаты дэпутатаў Анна Аскані (Anna Ascani), дэпутат Андрэа Казу (Andrea Casu), дэпутатка Лія Квартапэлле (Lia Quartapelle), сенатарка Джулія Тэрцы (Giulia Terzi), сенатары Філіппо Сэнсі і Бэнэдэтто Дэлла Ведова (Filippo Sensi, Benedetto Della Vedova), кріаўнікі дыпламатычных місій Польшчы і Літвы пры Святым Прастоле і Італіі, прадстаўніца амбасады Францыі ў Італіі.
- Сёння налічваецца да 5000 людзей, кінутых за краты дыктатарам Лукашэнкам, адзначыла ў сваім выступе Анна Аскані.
«Не дазваляйце святлу згаснуць», — заклікала яна міжнародную супольнасць не зніжаць увагу да Беларусі.
Са слоў Аскані, на тле расійскай агрэсіі супраць Украіны рэпрэсіі ў Беларусі могуць адысці ў вачах свету на задні план.
«Але трэба рэагаваць. Памятайце: той, хто выходзіць на вуліцу за свабоду, хто маніфестуе, хто пратэстуе, хто рызыкуе трапіць у турму ці страціць жыццё, змагаецца не толькі за сябе і сваю супольнасць: ён змагаецца за ўсю сям’ю чалавецтва», — сказала віцэ-спікерка Палаты дэпутатаў.
- «Калі несправядліва садзяць у турму аднаго чалавека — гэта цяжкая падзея, калі памірае адзін чалавек, тым больш якога мы ведаем персанальна, гэта боль у нашай душы. Калі мы чуем пра тысячы нявінна зняволеных і паміраючых — гэта ўжо бязлікая статыстыка. Наш праект паказвае жывыя твары нашых вязняў, схаваныя за бясконцымі лічбамі», — адзначыла прадстаўніца «Хрысціянскай візіі» Наталля Гарковіч.
Далей адбыўся перформанс «Беларускія палітвязні гавораць». «Калі я складала сцэнар, я вельмі хацела, каб тыя людзі, у якіх адабралі не толькі свабоду, але і голас, і нават жыццё, гаварылі, сведчылі пра тое, што мы, беларусы, ёсць, мы не здаліся», — падкрэсліла Гарковіч.
- «Я іканапісец, і быццам бы анёлаў пісаць больш звыкла. Але сумленне казала, што цяпер гэта важней — пісаць абліччы людзей, якія бязвінна пакутуюць. Калі я нічога больш не магу зрабіць, то застаецца проста сведчыць. Пакуль не абрынецца тыранія. Пакуль не выйдуць на волю ўсе. Пакуль не будзе вызвалены апошні вязень», — сказала мастачка Ксіша Анёлава.
Паводле яе слоў, «партрэтаў каля сяміста, зняволеных у шмат разоў больш, праект доўжыцца ўжо амаль чатыры гады. І гэта стала такой жа неад’емнай часткай жыцця, як і паўсядзённыя рэчы: памыцца, прычасацца, паесці, пайсці на працу. Праектам «Мартыралог Беларусі» мы крычым аб апакаліпсісе ў нашай краіне».