Казань біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 5.09.2020.
Дарагія людзі, мы з вамі… Сапраўды, я маю пэўнае такое ўнутранае перажыванне, калі бачу сёння столькі вас. І сапраўды, ніводзін святар, ніводзін біскуп не мог бы не радавацца, калі столькі народу збіраецца ў храме, асабліва пасля часу гэтай пандэміі, калі храмы былі паўпустыя, калі мы глядзелі святую Імшу падчас онлайн-трансляцыі. Сапраўды, я павінен быў бы радавацца, але з другога боку, тая нагода, з якой многія з вас прыйшлі, яна даволі сумная, бо ўсе мы ведаем, што адбылося ў нашай краіне. Мы сабраліся памаліцца за ўсіх людзей, якія хацелі, каб нашая Бацькаўшчына была шчаслівай, за ўсіх тых людзей, якія хацелі, каб мы жылі ў свабоднай краіне, за тых усіх людзей, якія хацелі, каб у нашай краіне мы, людзі, не мелі б шантажоў, запалохвання, рэпрэсій, уціску, бо менавіна на гэтых фундаментах базуецца сёння нашае жыццё. Але мы б хацелі быць свабоднымі, міралюбівымі беларусамі, якія будуюць шчаслівую будучыню.
Мы сутыкнуліся з тым, што людзі мірна выйшлі на вуліцы, і калі яны выйшлі на гэтыя вуліцы, то многія не вярнуліся дадому, і ўжо не вернуцца ніколі. Сёння я дзесьці пачуў думку аднаго чалавека, які сказаў: “Ну, слава Богу, пакуль што яшчэ не шмат людзей!”, і я паправіў: “Як Вы можаце казаць, што хвала Богу, што яшчэ не шмат людзей!” Мы кажам: даруй нам, Божа, што на нашай зямлі ўвогуле хтосьці загінуў, хтосьці аддаў сваё жыццё, бо гэта трагедыя, трагедыя ўсяго нашага народу. А тыя людзі, якія загінулі… Я не хачу вымаўляць гэтыя словы: поле бітвы або штосьці яшчэ, бо гэта не было поле бітвы — людзі, якія мірна выйшлі з дому, каб сказаць: “Я хачу праўды, я хачу справядлівасці, я хачу, каб мы ўсе былі добрасумленнымі, зычлівымі людзьмі!” Ён загінуў. Я думаю, што гэтых людзей, нават калі яны былі няверуючымі, нават калі яны былі здалёк ад Бога, Бог прытуліў да свайго сэрца. Яны аддалі сваё жыццё, яны спадзяваліся, што ніколі не вернуцца дадому. Бо тыя людзі, якія выйшлі на вуліцы мірна сказаць сваё “Не, я супраць. Я, можа, супраць падману, я супраць ілжы, якой хапае, сёння вельмі шмат, я хачу проста выказаць свой пратэст!”. Але за тое, што выказвае свой пратэст, яго збілі, скалечылі, яго завезлі на Акрэсціна, яго завезлі ў Жодзіна, яго завезлі яшчэ кудысьці. Там з яго здзекваліся, яго катавалі. І тыя людзі прыходзяць да нас сёння, да нас, святароў, яны кажуць: “Можна мы з вамі падзелімся?”
Гісторыя аднаго чалавека, які прыйшоў, сказаў: “Я не хачу, можна я не буду называць сябе, я хачу проста паразмаўляць”. “І тое, — кажа, — я прачытаў у інтэрнэце, вось Ваш там быў здымак і напісана, што Вы нейкі там пратэст супраць дзеянняў па зачыненні, па блакіраванні Чырвонага касцёла, сказалі. Я можа, Вас ніколі не ведаў бы, але я проста хачу з Вамі паразмаўляць, чамусьці мне сэрца падказала…” Ён пачаў расказваць жудасныя гісторыі пра тое, што з ім рабілі, і я разумею, мы з ім размаўлялі доўга, ён паказваў тыя сінякі, усё тое, што ў яго там захавалася, ён быў з гіпсам. Але сэнс, можа, трошачкі ў іншым. У гэтага чалавека тыя ўсе рэчы зажывуць, я кажу, што я таксама ў сваім жыцці перанёс аварыю, у якую я трапіў. Я перанёс клінічную смерць, я трошку так, каля года прыкладна, з адной бальніцы ў другую, мяне там перакладалі, мянялі месцамі рукі з нагамі, як я кажу, штосьці рабілі, і гэта ўсё зажывае. З цягам часу раны фізічныя, усе гэтыя сінякі, усе гэтыя пераломы ўсё гэта зажывае. Нават чалавек, я, можа там, не зусім карыстаюся да канца рукою або нагою, бо косці зрасліся не так, як трэба было, але чалавек да ўсяго гэтага прывыкае. Але самая страшная рэч — гэта псіхалагічная траўма, якая з’яўляецца ў сэрцы чалавека, псіхалагічная траўма, якая раніць душу чалавека.
І сёння ў нашым грамадстве, я не кажу толькі пра тых людзей, якія пацярпелі, я кажу пра іх родных, пра іх мамаў і татаў, я кажу пра ўсіх сяброў, якія бачылі іх, я кажу пра тых людзей, якія проста неабыякавыя да гэтай сітуацыі. Гэта духоўная, псіхалагічная траўма. Таму што ў нашых сэрцах сеецца злоба, у нашых сэрцах сеецца можа нейкая нянавісць, можа нават жаданне помсты, сеецца страх, недавер. І калі людзі, якія выходзяць сёння ўжо на гэтыя мірныя акцыі, пачынаюць казаць: “Не забудем, не простим!”, мне, напрыклад, найбольш балюча слова “Не простим!” бо гэта нязгодна з хрысціянскім духам, гэта менавіта тое, што д’ябал хацеў пасеяць у сэрцы нашых людзей.
Мы, беларусы, заўсёды былі мірнымі людзьмі, міралюбівымі людзьмі, мы заўсёды жылі ў згодзе, але нам сеюць гэту нянавісць, гэтую злосць у нашыя сэрцы, і мы асабліва молімся за ўсіх людзей, якія пацярпелі ад гэтага насілля, нават за тых студэнтаў, якіх сёння так брутальна на Карла Маркса скручвалі, хапалі, за тую дзяўчыну, якую цягнулі за валасы… Гэта ўжо першыя выпадкі, бо да гэтага яшчэ так на жанчын пакуль што ніхто не падымаў руку, але молімся асабліва за ўсіх гэтых людзей, бо кожны з іх атрымлівае гэтую псіхалагічную траўму, з якой трэба будзе жыць доўга.
Бо, калі мы кажам аб прабачэнні… То адзін чалавек, прачытаўшы словы нашага арцыпастыра мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні, пра прабачэнне, ён кажа: “О не, я яшчэ трошкі пачакаю са сваім навяртаннем да Бога, бо я не магу прабачыць і не хачу прабачаць”. Гэта сапраўды вялікая рана, бо прабачэнне — гэта не аднаразовая акцыя. Вельмі часта здараецца, што штосьці мы можам зрабіць тут і цяпер, раптам: о, прабачыць. Тэорыя. Вельмі лёгкая тэорыя, вельмі прыгожая. Так, нас Хрыстос вучыць: “Прабачайце”. Апостал Пётр падыходзіць да Яго і кажа: “Госпадзе, ну калі я прабачу, а калі чалавек сем разоў будзе супраць мяне нешта рабіць?..” Гэта вось тое, што мы сёння бачым. Пётр кажа: “Што, мне сем разоў яму прабачыць?” З такім абурэннем. І Хрыстос адказвае яму: “Пётр, не сем разоў, семдзесят сем разоў, кажу табе”.
Бо сапраўды, прабачэнне — гэта каласальная рэч. Святы Ян Павел ІІ, калі аднойчы напісаў на тэму прабачэння, то сапраўды мне, напрыклад, вельмі моцна зайшлі ў сэрца гэтыя словы. Ён у свой час таксама жыў у няпросты перыяд для Польшчы. Ён жыў у той час, калі і біскупы былі ў выгнанні, і святары не маглі казаць адкрыта нейкія словы, нават маліцца за Бацькаўшчыну. Гэта быў час, калі загінуў благаслаўлёны ксёндз Ежы Папялушка, якога забілі жудасна за тое, што ён маліўся за сваю Бацькаўшчыну. Але Ян Павел ІІ кажа аб прабачэнні, і людзі кажуць: “Што?” Ён кажа: “Прабачэнне — гэта не слабасць, калі чалавек прабачае. Прабачыць можа толькі сільны, моцны чалавек, таму што калі ты прабачаеш таму, хто цябе пакрыўдзіў, калі ты прабачаеш таму, хто зрабіў табе зло, ты змагаешся з самім сабою, ты перамагаеш свае ўласныя амбіцыі, ты перамагаеш свае ўласныя слабасці, і можа нават тое зло, якое ёсць у табе, бо ты дакранаешся да самога Бога”. І гэтыя словы сёння гучаць для нас.
Так, сапраўды, нам складана з гэтым сёння сустрэцца, нам складана сёння казаць аб прабачэнні. Калі гэта было бачна, што ў краіне людзі са страхам глядзяць на тых, хто павінен ахоўваць нас, хто павінен ахоўваць наш супакой, хто павінен, наадварот, дбаць пра тое, каб мы адчувалі сябе ўтульна, спакойна? Але наша малітва — гэта адзіны паратунак у гэтай сітуацыі. І зараз я звяртаюся да ўсіх людзей, незалежна ад веравызнання, ад светапогляду. Але малітва — гэта размова з Богам, бо Бог, які стварыў чалавека, Ён ёсць, Ён пакінуў у кожным чалавеку адну маленечкую-маленечкую крышачку сябе, кропачку ад сябе. Мы можам так параўнаць яе з макавым зярняткам, нават меншая за макавае зярнятка — штосьці маленечкае, але ёсць у кожным чалавеку, гэтая адзіначка, гэтая частачка Бога, мы яе сёння называем словам “сумленне”. Сумленне — гэта тое, што чалавеку дазваляе разумець, што ёсць добрае, што — дрэннае, нягледзячы на тое, што яму “прамываюцца” мазгі, што ідэолагі працуюць дзень і ноч, каб гэты голас сумлення задушыць, каб гэтае сумленне дзесьці было схаванае. Так, яно можа быць схаванае, яно можа быць за кратамі, яно можа быць у клетцы, але яно ўсё адно ёсць у сэрцы і душы чалавека — выкінуць, знішчыць яго нельга. Яно можа быць за кратамі, яно можа быць у клетцы, але ўсе роўна ёсць у душы і сэрцы чалавека. Выкінуць, знішцыць яго нельга. І гэты голас заўсёды стукаецца ў сэрца чалавека. Ён падказвае чалавеку, што ёсць добрае, што – дрэннае.
І мы молімся асаблівым чынам – так, як нас вучыў Езус Хрыстус: “маліцеся за непрыяцеляў вашых”. Мы молімся за тых людзей, якія сёння здзяйсняюць тыя ўчынкі, якія мы не можам назваць учынкамі чалавека. За тых людзей, якія займаюцца катаваннем, збіваннем, насіллем. Мы молімся аб навяртанні за іх. І чым больш мы молімся, тым больш такіх людзей можа адкрыць гэтую клетку свайго сумлення. Мы молімся за тых судзяў, якія оптам сёння даюць розныя прысуды. Мы молімся аб гэтай справядлівасці, аб гэтай ласцы, каб сапраўды вось гэтая клетачка сумлення адкрылася – і ёсць такое павер’е, такая пасловіца, што кропля вады, якая капае дзесьці з вышыні (вось, калі хто-небудзь быў калісьці ў гарах, альбо можа сабе ўявіць, што з гары, бывае, зплывае якісь-небудзь струменьчык вады, а бывае, проста вада капае і кроплі вады зпадаюць на камень), — але там, на тым месцы, куды капае вада, гэты камень – ён гладкі, ён адшліфаваны, хоць там няма ніякіх станкоў, ён гладзенькі. Але кропля вады, якая падае на гэты камень, яна яго шліфуе не сваёю моцаю альбо некімі фізічнымі, можа, такімі магчымасцямі, але частатою свайго падзення. Яна капае, капае, капае – ідзе час – і чым дольшы час, тым больш яна точыць гэты камень. Таксама наша малітва. Калі гэтая малітва – а сёння я ведаю, што за нашу краіну моліцца ўвесь свет, бо мы маем сёння столькі сведчанняў, столькі ёсць людзей, якія нам хочуць падказаць, што салідарны з намі – і наша малітва, кожная малітва, якая выходзіць з сэрца, малітва – яна можа спрычыніцца да таго, што чалавек, у якога сумленне хтосьці там затаптаў, дзесьці там схаваў, гэтае сумленне магчыма адкрыць. Таму шта ён таксама наш брат, наш сын чыйсьці, у яго ёсць мама, якая яго выхоўвала і мама ніколі не казала: “сынок, бяры ў руку дубінку, лупі”. Ні адна мама так не выхавае сваё дзіцятка. Ні адзін тата не скажа свайму сыну так. І таму наша малітва – яна можа дапамагчы сапраўды чалавеку вярнуць сваё чалавечае аблічча. Гэтая малітва – гэта ўвогуле сіла, гэта вялікая зброя, якая ёсць ва ўсіх людзей, у кожнага. І нават, калі ты – брат альбо сястра, калі ты – няверуючы чалавек, але паспрабуй проста ў сваім сэрцы знайсці вось гэтую сілу і пажадаць дабра каму-небудзь, хто зрабіў табе крыўду, пастарайся папрасіць проста ў сэрцы, што “Божа” – нават, калі ты скажаш гэтыя словы – “калі Ты ёсць, я не ведаю пра гэта” – нават калі ты так скажаш, ужо будзе твой зварот, бо гэта важна.
Мы зараз таксама разглядаем сітуацыю, якая ёсць у нашай краіне з пункту гледжання Божага Слова, і сапраўды, калі адкрываем Біблію, то – ня ведаю, можа, толькі мне так трапляецца, які б тэкст я не адкрыў, кожны тэкст, ён увогуле некім чынам кажа нам пра тую сітуацыю, якая ёсць у нас, — няма нічога дрэннага, што Бог не перамяніў бы ў дабро. І сапраўды тая трагэдыя народу, якая адбываецца ў нашай краіне, паглядзіце, як гэтая трагэдыя нам усім паказала, хто ёсць хто, але як гэтая трагедыя народу нашага, нашай краіны, як гэты крызіс аб’яднаў людзей. Мы што раней з вамі былі знаёмымі хто-небудзь? Мы сёння ішлі сюды ў касцёл і мы яшчэ так з ксяндзом Пятром ідзём і ён кажа: “Слухай, што гэта робіцца такое? З намі амаль ўсі вітаюцца, людзі сядзяць, там бар, столікі на вуліцы, яны прыўстаюць, нам махаюць”. Я кажу: “Вось глянь, як змяняецца гэта: людзі становяцца нейкімі салідарнымі, нейкімі, можа, нават лепшымі – нас уціскаюць, нам робяць крыўду, але мы самі становімся нейкімі іншымі. І мы ведаем, што шляху назад няма, але ёсць вельмі шмат нават таго дабра, якое можа быць для кожнага чалавека, для кожнага з нас – гэта наша салідарнасць, людзкая салідарнасць. Калі адбылася трагедыя, колькі было валанцёраў там, і на Акрэсціна і ў іншых месцах? І таксама і нашы святары і манахіні, і нашы валанцёры паехалі туды, как проста памагаць людзям, і сапраўды там была такая атмасфера, што кожны, хто што можа, той то і рабіў. Гэта сапраўды тое, што мы сёння бачым, як выбягае якая-небудзь жанчына, якая можа крычаць нам: “Аж вы такія-рассякія, вайны вы хочаце,” — і іншае. А другая жанчына выбягае і кажа: “Хлопчыкі і дзяўчаткі, вось я нарабіла дранікаў, вазьміце хоць па адным”, там дзяўчаты кажуць: “Мы на дзіеце, але ўсе роўна вазьмём”. Але гэта нашы людзі – НАШЫ! Беларусы! Гэта МЫ!
Няма нічога дрэннага, што Бог ня мог бы перамяніць у дабро. Я спадзяюся, што мы не ў тэатры, але гэта можа быў нейкі крык душы – я таксама магу быць эмацыйным, прабачце.
Сапраўды гэтыя рэчы паказваюць, наколькі мы сапраўды высакародныя людзі, наколькі мы вялікія людзі, мы беларусы. Нам ёсць чым ганарыцца. Вось сапраўды – з намі Бог. Мы молімся па-рознаму. Калі пачалася трагедыя, то тут на гэтым месцы, у гэтай святыні адбывалася тое, чаго не было нідзе ніколі ў свеце. Я не пабаюся гэтага слова. Калі тут перад алтаром стаялі побач біскуп каталіцкі, святар праваслаўны, біскуп пратэстанцкі, баптыст, пяцідзесятнік, прадстаўнік Царквы Поўнага Евангелля. Быў галоўны імам Беларусі, мусульманін. Быў галоўны равін юдэйскай супольнасці. Тут гучала малітва па-беларуску, па-руску, па-габрэйску, па-арабску. Нідзе ў свеце такого няма, каб мы збіраліся разам – тут у Беларусі мы патрафім гэта зрабіць, асабліва тады, калі ёсць такія сітуцыі. Але толькі шкада, што штосьці павінна быць тым штуршком, такім, можа, негатыўным, які нас яднае, але помнім, што сапраўды мы моцныя тады, калі мы разам.
Мы ведаем, што сёння вельмі моцны ідзе ціск на касцёл. І ў нашу краіну не ўпусцілі кіраўніка Рыма-каталіцкага касцёла, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Мы нават трошку з жартам, калі да яго звяртаемся, то кажам: “Як там наш пастыр на выгнанні?” альбо “Як наш дыссідэнт адчувае?”, калі яму звонім. І сапраўды гэтая сітуацыя такая трагічная, што грамадзяніна Беларусі не ўпусцілі ў Беларусь. І мы чуем такую, можа, да яго прэтэнзію, што ты ўлез у палітыку. Але што такое палітыка? І я, калі адкрыў Святое Пісанне і думаў, што Ты мне, Божа, дасі, якое Ты слова мне дасі, і чамусьці мне першае, што ўвайшло мне на вочы, – гэта быў адказ Пілата Хрысту. I Пілат кажа: “Што ёсць праўда?”. Я скажу: “А што ёсць палітыка?”.
Сёння ў першым чытанні мы пачулі, як Бог кажа прароку Езэкіілю. Ён кажа яму “Я кажу табе пра грахі і дрэнныя ўчынкі народа. І калі ты не пойдзеш і не скажаш ім, то грэх будзе на табе”. Прарок Езэкііль выходзіў і казаў пра грахі народу, ведаючы, што народу гэта вельмі не спадабаецца. Але ён набраўся адвагі, смеласці, рашучасці, ішоў і казаў.
Сёння мы пачулі ў Евангеллі, як Езус Хрыстус таксама кажа вучням сваім, што калі хтосьці зграшыў супраць цябе, то падыйдзі і скажы, што ты здзяйсняеш грэх. Бо калі ты гэта не зробіш, то таксама ён памрэ ў граху, але і на табе будзе грэх, што ты прамаўчаў, калі ты бачыш гэтае зло. І калі мы кажам сёння, што мы выступает супраць насілля – гэта палітыка? І калі мы сёння кажам, што мы выступаем супраць катаванняў – гэта палітыка? Калі мы молімся кожны дзень, каб ніколі не было ў нашай краіне чагосьці падобнага – гэта палітыка? Калі мы кажам, што мы хочам жыць у праўдзе, у сумленнасці, у добразычлівасці – гэта палітыка?
І сапраўды “што ёсць праўда?”, як казаў Пілат перад тым, як аддаць смяротны прыгавор Хрысту. І сёння мы можам таксама сказаць “што ёсць палітыка?”. Мы не лезем у палітыку, мы проста молімся за свой народ, за ўвесь народ без выключэнняў. Мы не робім выключэнняў, што молімся за аднаго, але не молімся за другога. Мы молімся нават за таго, хто найграў гэтую фразу, якая гучыць ад раніцы да вечара. Мы молімся за тых, хто ўключае пад час працэсіі ў Чырвоным касцёле (бо я, калі паглядзеў аднойчы відэа, можа, яно тут не бачна было, але на відэа, калі выходзіць працэссія і людзі спяваюць “Святы Божа”, а там Кабзон пяе сёння ваенныя песні). Але мы молімся і за тых, хто ўключае гэта, бо мы ўзгадваем, як Езус Хрыстус паміраў на крыжы. Хрыстос паміраў на крыжы. Яму баляць рукі, ногі. Яго раны – яны попрасту балючыя – гэта агонія. Ён ужо памірае, але што Ён бачыць? Ён бачыць пад крыжам народ. Хто спачуваў Хрысту. Проста, калі хтосьці чытае Святое Пісанне, нават людзям, якія ніколі ні разу не адкрывалі, варта прачытаць проста для гісторыі, можа, каб ведаць пра гэтыя рэчы, бо ўсё ж такі хрысціянства – гэта вялікая частка насельніцтва зямнога шара. Пад крыжам была мама Езуса. Мама – гэта чалавек, які ніколі не пакіне свайго дзіця і будзе заўсёды побач. Мама – гэта той чалавек, які заўсёды, што бы ні сталася з дзіцём, будзе спачуваць. Мама была пад крыжам. Пад крыжам Езусавым таксама быў Ян Апостал – гэта Яго любімы вучань. Ён стаяў разам з Марыяй. Была Марыя Магдалена – жанчына, якой было прабачана шмат грахоў, якая пайшла і была разам з Езусам, хадзіла за Ім. А рэшта было шмат народу. Тут жаўнеры дзялілі вопратку, бо яна была добрая, яшчэ нядаўна тканая. Тут жаўнеры стаялі і думалі “ну, Божа, ну скарэй яны там памруць, ужо дамоў трэба ісці, бо там жонка ўжо нейкія пляцкі пячэ, а тут яшчэ яны ніяк не памруць, а я не магу пайсці дадому, бо яшчэ праца не скончана”. Трэці там крычыць на Яго там нешта: “ну скарэй там на цябе, бандыты”. Людзі займаліся абсалютна рознымі рэчамі. Калі Езус убачыў гэта ўсё, Ён пачынае маліцца і казаць: “Ойча, прабач ім, бо яны не ведаюць, што робяць”. І сапраўды яны не ведалі, што яны рабілі. Яны не ведалі, каму яны рабілі зло. Былі: “Так сказалі”. У іх таксама, кажучы сучаснай мовай, былі мазгі, прамытыя тагачаснай ідэалогіяй цэзара. Яны ведалі, што яны служаць цэзару, выконваюць яго загады — злачынныя, не злачынныя. Яны такім чынам забілі Божага Сына. А Езус моліцца за іх і заахвочвае маліцца ўсіх нас.
Таму наша палітыка – гэта Евангелле, гэта Слова Божае, якога мы стараемся прытрымлівацца і выконваць у нашым жыцці.
Таму, дарагія браты і сёстры, хачу падзякаваць усім вам! Мы размаўлялі з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, які казаў: “Падзякуй тым, хто прыйдзе”. Мы не ведалі, што вас будзе столькі. Мы думалі, ну колькі прыйдзе людзей, але наша малітва – гэта найважнейшае. Я дзякую ад яго імя, бо абавязкова мы яму скажам, колькі людзей прыйшло, якія цудоўныя, прыгожыя людзі былі. Што нават святла не трэба запальваць у касцёле, бо твары людзей ззялі гэтым святлом. І сапраўды, вы – гэта кветкі нацыі, кветкі нашыя.
І яшчэ. У нашай краіне адбылося тое, што нідзе ніколі не было. Езус Хрыстус калісьці сказаў такія словы, дзіўныя словы, якія нам цяжка зразумець: “зло дабром перамагайце”. Вось падыміце руку тыя, каму лёгка зразумець гэтыя словы. Што такое “зло дабром перамагаць”? Вось каму лёгка зразумець гэтыя словы? Хто адразу, вось усё, я разумею, буду зло дабром перамагаць. Ёсць, але не шмат. А каму незразумела, каму складана гэта зразумець, падыміце руку. Можна цяпер, не бойцеся. Нас большасць. Ну, я спадзяюся, што ніхто не фальсіфікуе нашыя падлікі – нас большасць. Мы паднялі руку, нам цяжка зразумець, што такое “зло дабром перамагаць”, бо Хрыстос кажа “калі цябе ударылі па шчацэ, ты падстаў другую шчаку”, але якая ёсць найпершая рэакцыя? Найлепшая сітуацыя – гэта такая, якая апісана ў Евангеллі, дзе ў Гефсіманскім садзе прыйшлі жаўнеры арыштаваць Езуса Хрыста, падыйшлі да Яго, і тут Пётр хапае меч і мячом адрубае вуха аднаму з тых жаўнераў. Але Езус кажа: “Не-не-не, стоп”. Калі нам робяць нейкі дрэнны ўчынак, калі нас хтосьці пакрыўдзіў, першая наша рэакцыя? Даць у адказ. Ваў, ты што! І гэтак далей. Гэта першая рэакцыя чалавека, першы водгук. Нам складана. Але што паказала сітуацыя ў нашай краіне? Першая ноч, калі людзі выйшлі на пратэсты, калі адбылася самая трагічная сітуацыя. Першая і другая ночы, калі людзі выходзілі ўвечары. Калі іх збівалі, калі іх калечылі, калі было жудаснае, брутальнае захаванне сілавых структураў, якія проста паказалі, што былі гэтыя злачынныя загады – яны іх выконвалі, яны нішчылі гэтых людзей. Калі мы убачылі гэтых людзей, павінен быў бы па любой чалавецай логіцы спрацаваць гэты прынцып “вока за вока, зуб за зуб”, якім жылі людзі Старога Запавету і тыя суседнія плямёны вакол габрэйскага народу, які ўвогуле яшчэ многія народы захавалі па сённяшні дзень. “Адпомсціць” – вось гэтая менавіта рэчоўка “не забудзім, не прасцім”. У людзей усё гэта вышла, але затым напэўна Бог даў натхненне нашым мілым, дарагім, прыгожым, цудоўным жанчынам. Вазьміце вы ў руку кветку, выйдзіце вы на вуліцу і скажыце, што мы мірныя людзі. І нашы мілыя жанчыны (вось іх толькі што назвалі “уважаемые”), нашы мілыя жанчыны – гэта вы. Да, гэта вам было сказано, а каму яшчэ. Вы ўзялі кветкі, вы выйшлі, вы сталі, вы паказалі ўсяму свету тое, што збянтэжыла ўсіх людзей. І ў нашай краіне, і ўва ўсіх іншых краінах свету. Вы выйшлі, вы сталі махаць гэтымі кветачкамі. Вашы улыбкі, вашы ўсмешкі – вы проста гэтым усім паразілі, усе былі у шоку. І той план, які быў напрыклад, каб пралівалася кроў, каб была гэтая вайна, каб крушылі вітріны – так, як ёсць ва ўсіх іншых краінах. Там ідзе талпа, пасля яе такое, як саранча прайшла праз поле, нічога не застаецца. І тады – ага, можна і войска ўвесці, можна і ваенны рэжым уводзіць, ўсё, што заўгодна. Можна і з суседняй дзяржавы войска прывесці, калі ёсць такія ваенныя дзеянні. Але вы выйшлі, і вы дабром пачалі перамагаць зло. Вы выйшлі, вы проста сваімі ўсмешкамі – і іх стало больш, больш, больш. Чаму? Таму шта дабро прыцягвае. Бо калі б вы выйшлі і пачалі біцца, змагацца, гэта не прынесла бы таго плёну. Прынесла плён тое, што вы выйшлі і вы дабром сваім перамаглі гэтае зло. Вы, можа, не ведаючы самі таго, вы сваім дабром перемаглі д’ябла, які таксама хіба што разгубіўся і не ведаў, што далей. Канешне, зараз ён дзейнічае і гэтак далей. Бо ён хоча раскалоць усіх, але вось гэта дабро, яно перамагае.
І я сёння паўтаруся, гэта, можа, ужо банальна, бо я гэта кажу ужо на працягу амаль месяца ўсюды, што нашыя беларускія дзяўчаты, жанчыны, нашыя дочкі, сёстры, жонкі, мамы, бабулі – гэта героі нашага часу. Калісьці ў гісторыі напісана… Бо мы ведаем, што ў гісторыі там парою пішуць у падручніках “Герой Савецкага Саюзу” 5 разоў меў звязду, “Герой” таго-та. А ў нашых падручніках калісьці будзе напісана: “Героі нашага часу”, “Героі Беларусі”. І кожная жанчына будзе ведаць, што гэта пра вас. Гэта – вы. І я вам выказваю свой нізкі-нізкі паклон і вялікую падзяку. Вы – так, як Марыя, мама Езуса Хрыста, стаяла пад крыжам і глядзела, як памірае яе Сын. Ёй было балюча, у яе дрыгатала сэрца, але яна, ведаючы, што гэтыя жаўнеры маглі прынесці некую небяспеку, яны маглі таксама на яе накінуцца, маглі яе штурхаць. “А, ты яго мама” – маглі бы яшчэ зрабіць нейкую крыўду. Але яна не пабаялася, прыйшла і стала. І нашы жанчыны не баяцца, выходзяць, ідуць, абараняюць нас, мужчын.
Мы можам усміхацца. Гэта неверагодна, гэта проста так ненармальна, але ў нашай краіне сапраўды робіцца такое дзіўнае, што мы разумеем, што з намі Бог. Бог благаслаўяе нам. Ён хоча штосьці нам праз гэта ўсё паказаць, адкрыць, даць. І, галоўнае, што мы ўсе не губляем надзеі, пра якую казаў Хрыстос. Наша вера нас умацоўвае. Наша надзея дае нам сілу. А наша салідарнасць… Я дзякую ўсім тым людзям, якія асабліва ў хвіліну, цяжкую нам, касцёлу, аказвалі сваю салідарнасць, якія рознымі шляхамі, хтосьці прыходзіў на малітвы, хтосьці проста пісаў нам, што “мы з вамі”, “мы салідарныя”, “мы падтрымліваем касцёл”, калі пачаліся гэтыя акты пераследу, калі не ўпусцілі мітрапаліта ў нашу краіну. Бо, акрамя гэтага, яшчэ нейкімі рознымі праверкамі (такімі у двухкоссі) ці яшчэ чымсьці хочуць нас напужаць і настрашыць, як гэта бывае. Але вы паказалі салідарнасць. Салідарнасць – гэта вялікая сіла. Бо калі мы разам – і я цяпер, можа цяпер, хоць я ўжо сколькі гадоў святар, нават біскуп, гэта сапраўды столькі тэалогіі той прайшоўшы, пісаўшы па той тэалогіі розныя дыссертацыі, але ўсё ж такі вось толькі цяпер я можа разумею тыя словы, калі Хрыстос моліцца і кажа: “Ойча, каб яны ўсі былі адно”. Бо сапраўды вось гэта адно – адно сэрца, адзін дух, салідарнасць, узаемападтрымка. Гэта сапраўды выкананне Хрыстовага закону, Хрыстовых словаў, таго, чаму нас навучае Бог. Бо “Ойча, каб яны былі адно” – калі кожны будзе сабе, кожны будзе ўцякаць, мы слабыя – але калі мы адно, то сіла. Падніміце руку, хто (тут большасць жанчыны сядзяць, і сёння пры сучасных сродках тэхнічных я ня ведаю, ці яшчэ такое засталося) ведае, што такое венік, мяцёлка? Класс! Я думаў, што ўсе ужо пыласосамі такімі карыстаюцца ці нават такімі, якія самі поўзаюць (чалавек ужо не павінен), нават гаджэтамі. Мы ведаем, што такое мяцёлка – гэта венік з пруцікаў, абвязаных адной ніткай. Калі мы выцягнем пруцік з гэтага веніка і будзем яго ламаць. Зламаем мы яго? Хоць на сто кавалачкаў, ламаем, ламаем. А калі мы возьмем венік і пачнем сам венік ламаць, нам прыйдзецца шмат напрацавацца. Бо сапраўды гэта моц, гэта нам сімвал такі, які паказвае нам вось гэтую моц, сілу, калі разам, калі ўсё гэта злучана, то зламаць цяжка. Ламаць можна паасобку, па адным, але калі салідарны, разам – не.
І таму я сёння асаблівым чынам малюся да міласэрнага Бога і заахвочваю вас памаліцца аб гэтых патрэбных дарах і ласках для нашай бацькаўшчыны-краіны, аб гэтым бальзаме гаючым для той раны, якая сёння ёсць у нашым грамадстве, аб супакоі, аб прымырэнні, аб згодзе. Каб усё ж такі быў магчымы нейкі дыялог, каб не было больш у нас гэтага супрацьстаяння, таму шта сапраўды нам патрэбны мір, нам патрэбна шчасце. Мы гэтага хочам. Мы гэтага просім у Бога. І я думаю, што мы пройдзем праз гэтае выпрабаванне і мы будзем шчаслівымі. Мы ведаем, як робіцца сталь. Бярэцца кокс, кідаецца разам з іншымі рэчывамі. Ён павінен прайсці праз агонь. Ён павінен расплавіцца, прайсці праз нейкае ачышчэнне для таго, каб быў гэты моцны метал. Таму, можа, і нам Бог даў гэтае выпрабаванне. Выпрабаванне, якое мы перажываем сёння. Выпрабаванне сапраўды нецікавае, непрыгожае – але з нашага пункту гледжання, людскога. Але гэтае выпрабаванне няхай зробіць нас яшчэ лепшымі, нашмат лепшымі.
І я прашу, каб добры Бог благаславіў нашу Айчыну, а Маці Божая атуліла нас усіх плашчом сваёй апекі, і веруючых, і няверуючых, і тых, якія ўцякаюць, і тых, якія даганяюць. Тых, якія ў вязніцах ляжаць на падлозе, і тых, якія ставяць свой сапог ім на галаву. Каб усіх нас Маці Божая атуліла плашчом сваёй апекі і выпрасіла ў Бога гэтую ласку супакою, згоды, прабачэння, міру. Усё гэта зробіць нас шчаслівымі. Амэн.
5 верасня 2020