Праваслаўная літургія на беларускай мове ў Варшаве: як беларуская супольнасць далучылася да жыцця лакальнай аўтаномнай царквы
Арганізацыя"Хрысціянская візія"
Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.
Інфармацыя пра «Хрысціянскую візію» Аб'ява аб заснаванні групы Місія групы Іншыя артыкулы
19 сакавіка 2023 года распачаліся праваслаўныя набажэнствы па-беларуску ў Варшаве. Гэта – значная падзея як для ўсіх эмігрантаў-беларусаў, якія ў вялікай колькасці апынуліся ў Польшчы пасля падзей 2020 года ў Беларусі, так і для этнічных беларусаў, якія спрадвеку жывуць на тэрыторыі Польшчы. Вядома, што працэс атрымання дазволу на такія службы ад іерархіі Польскай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы[1] расцягнуўся практычна на год (с красавіка 2022 па сакавік 2023 гг.).
Праваслаўныя службы на беларускай мове ў Польшчы – не новаўвядзенне. Вядома, пра што сведчаць, напрыклад, даследаванні выкладчыка Варшаўскага універсітэта, прафесара Юрыя Грыбоўскага[2], у Варшаве і ў міжваенны час, і ў перыяд нямецкай акупацыі Польшчы існавала пэўная традыцыя праваслаўных служб па-беларуску. Напрыклад, на месцы, дзе служылася ў снежні 1940 года першая беларуская Літургія ў акупацыі, зараз знаходзіцца Варшаўская праваслаўная семінарыя. Цікава, што 25 сакавіка тады адмыслова служыліся набажэнствы па-беларуску.
Акрамя таго, яшчэ ў 1980-я гады ў памежным з Беларуссю рэгіёнам – Падляшшы, у асяроддзі беларусаў Польшчы, падобнае ўжо арганізоўвалася. У Беластоку службы па-беларуску таксама служыліся пэўны час. Аднак такія неадзінкавыя ініцыятывы з-за чалавечага фактара (малая колькасць удзельнікаў і харыстаў, асабліва ў час вакацый) і не вельмі ахвочай падтрымкі з боку іерархіі на цяперашні час перарваліся.
Трэба адзначыць, што ў параўнанні з беларускай праваслаўнай іерархіяй польская выглядае досыць ліберальнай і мадэрновай, больш адкрытай і блізкай да людзей. Напрыклад, на працягу некалькіх гадоў ў Польскай Праваслаўнай Царкве былі нават спробы ўводзіць новаюліянскі царкоўны календар[3]. Тым не менш, за апошнія 40 гадоў беларуская мова не стала масава распаўсюджанай багаслужбовай мовай сярод этнічнай меншасці нават на Падляшшы. Чаму так адбылося ў Польшчы, дзе пражывае досыць вялікая кольскасць мясцовых беларусаў?
Сярод прычын можна назваць наступныя: нізкая падтрымка такіх ініцыятыў царкоўнымі ўладамі, культывацыя царкоўнымі лідарамі кансерватыўнасці ў падыходах да рэлігійных практык, а таксама сімпатыі сярод іерархаў і вернікаў да расійскай царкоўнай, культурнай і гістарычнай традыцыі (асабліва да 24 лютага 2022 года). Фактар гістарычнай царкоўнай спадчыны ВКЛ, а таксама наступствы канфесійнай і моўнай палітыкі свецкіх уладаў на тэрыторыі сучаснай Польшчы ў розныя перыяды таксама даюць грунт для пэўнай кансерватыўнасці і традыцыйнасці. У пытаннях богаслужбовай мовы ў цяперашні час больш актуальным становіцца пераход на польскую мову. У Расеі (і Беларусі) дагэтуль службы ў абсалютнай большасці адбываюцца па-царкоўнаславянску. Акрамя таго, тут варта назваць царкоўнаславянскую мову богаслужэння як маркер самаідэнтыфікацыі мясцовых беларусаў, у большасці – праваслаўных, у адрозненне ад палякаў, што ў пераважна належаць да Рыма-каталіцкай Царквы[4]. Згадаем таксама гістарычныя траўмы мяцовых беларусаў, якія ўтварыліся ў пасляваенных трагедыях – расправах над прадстаўнікамі беларускай этнічнай меншасці на Падляшшы з боку спецыяльных фармаванняў Нацыянальнага ваеннага саюза[5]. У сувязі з усім вышэй сказаным можна адзначыць, што пераход на польскую (або іншую сучасную) мову ў богаслужэнні ў польскіх праваслаўных значна ўскладнены.
Тым не менш, праваслаўную польскую супольнасць у гонар святога Рыгора Перадзэ, якая цяпер літургічна прытуліла беларусаў, складае мноства вернікаў, якія самі або іх сем’і якіх паходзяць з Падляшша. Каб не згубіць канфесійную ідэнтычнасць, яны і заснавалі гэты польскамоўны праваслаўны прыход. Адметна таксама, што беларуская супольнасць была з радасцю і вялікай гасціннасцю прынята на прыходзе св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве. Гэта адбылося дзякуючы адкрытасці і прыязнасці прыхаджан і кліра капіцы. Яе настаяцелям і заснавацелем з’яўляецца святар, прафесар Генрых Папроцкі[6], які горача падтрымаў памкненні беларусаў да служэння асобнай Літургіі ў прыходзе. Менавіта ён з’яўляецца адным з аўтараў польскіх перакладаў праваслаўных богаслужбовых тэкстаў[7]. Прыход ад пачатку гатовы быў прадставіць беларусам памяшканне ў нядзелю да сваёй асноўнай службы, якая звычайна адбываецца а 10:00 раніцы.
Вядома, што людзі, якія звярнуліся да польскай царкоўнай іерархіі ў сакавіку 2022 года за дазволам і падтрымкай беларускіх служб, ужо мелі досвед служэння і арганізацыі падобных служб у Менску.
Нагадаем, што з 1990-х гадоў толькі ў Менску з дабраславення мясцовага епіскапа, рэгулярна служыліся беларускія Літургіі, малебны, паніхіды, акафісты (у суботу, сераду) – у Петра-Паўлаўскім саборы. Гэтая практыка захавалася і дагэтуль. Таксама ўжо больш як 9 гадоў у Менску рэгулярна служацца Літургіі на беларускай мове па нядзелях, на што таксама быў атрманы дазвол мясцовай праваслаўнай іерархіі. Таму інфраструктура – ноты, тэксты – для такой жа дзейнасці ў Варшаве ўжо існавала.
Першы ліст-зварот групы актывістаў ад 19 красавіка 2022 года да польскай царкоўнай улады дазволіць беларускамоўныя Літургіі раз на месяц не меў поспеху. Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава толькі прызначыў камісію для разгляду дадзенага пытання. Пры гэтым супольнасць мела ўжо і тэксты, і невялікі хор, дамоўленасці аб памяшканні з прыходам св. Рыгора Перадзэ, аднак не мела святара, які б мог служыць Літургію па-беларуску, і прасіла Мітрапаліта знайці такога клірыка. Хутчэй за ўсё, гэта і было асноўнай прычынай затрымкі дазволу супольнасці пачаць служыць па-беларуску ўжо ў траўні 2022 года. Магчыма, іерархію таксама мала ўразіла колькасць подпісаў ініцыятыўнай групы – у яе ўвайшлі 13 чалавек. Да ініцыятыўнай групы пазней далучыліся і іншыя вернікі. Відавочна, што колькасць патэнцыйных праваслаўных прыхаджан-беларусаў у Варшаве пасля падзей 2020 года ў Беларусі можа вызначацца тысячамі.
Паводле звестак групы “Хрысціянская візія”, у групу актывістаў, якая ўсталёўвала кантакт беларускай супольнасці з мясцовай царкоўнай іерархіей, былі такія праваслаўныя вернікі, як Наталля Гарковіч, Вольга Алейнік, Ксенія Ангелава, Марына і Алесь Шыкі і інш.
У траўні 2022 года супольнасць зноў звярнулася у праваслаўную Варшаўскую мітраполію з тлумачэннямі сваіх мэтаў і жаданняў. З прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы сустракаўся сакратар Варшаўскай мітраполіі. Супольнасць таксама звярталася да некалькіх святароў у прыватным парадку с просьбай раз на месяц служыць Боскую літургію па-беларуску ў Варшаве. Аднак святары сталіцы, здольныя служыць па-беларуску, не змаглі дапамагчы па прычыне занятасці ў сваіх асноўных прыходах. Адзначым, што ў Варшаўскай духоўнай семінарыі на працягу доўгіх гадоў сярод іншых моваў ідзе выкладанне беларускай мовы.
У наступныя месяцы, паводле рэкамендацый Мітрапаліта, супольнасць удзельнічала ў службах капліцы па вул. Лелехоўскай, беларускі хор спяваў падчас польскамоўных служб частку літургічных спеваў. У якасці рэгента супольнасць запрасіла прафесійнага музыку Паўла Сопата, хор паступова пашыраўся.
26 жніўня 2022 года беларускімі вернікамі да Варшаўскага Мітрапаліта Савы быў зноў скіраваны зварот, ужо з больш як 70 подпісамі, з посьбай дазволіць набажэнства па-беларуску. Дзякуючы асабістай падтрымцы святара Анджэя Кузьмы (Andrzej Kuźma)[8] супольнасць павалічыла свае шансы атрымаць дазвол ад Мітраполіі, маючы ўжо падрыхтаваную для служб інфраструктуру – хор, дамоўленасць са святаром і прыходым наконт памяшкання.
Вядома, што пасля жнівеньскага зварота беларусы працягвалі актыўна ўдзельнічаць у жыцці польскамоўнага праваслаўнага прыхода. Паколькі прыход капліцы св. Рыгора Перадзэ жыве паводле новаюліянскага календара, беларусы таксама далучыліся да такога раскладу. Так, 25 снежня 2022 года для сваіх польскіх братоў і сёстраў яны арганізвалі калядны канцэрт у выкананні беларускіх музыкаў. Беларускі хор спяваў падчас святочнай службы на Раство. Але толькі 19 сакавіка 2023 года адбылася першая служба[9].
Цікава, што справа арганізацыі беларускага прыхода ў Варшаве не вырасла ў палітызаваную маніфестацыю і публічныя патрабаванні да царкоўных уладаў.
Наколькі нам вядома, ні адзін з іерархаў Польскай Праваслаўнай Царквы не пажадаў сустрэцца ані з актывістамі-беларусамі, ані з прыхаджанамі-беларусамі. У сучасных міжнародных акалічнасцях падаецца, што гэта найлепшы варыянт для вернікаў – ціха рабіць Боскую справу, падтрымліваць адно аднаго, быць у еднасці з Богам і бліжнімі.
Тым не менш, наколькі стала вядома “Хрысціянскай візіі”, вернікі з удзячнасцю аднесліся да рашэння Варшаўскай Мітраполіі даць ім магчымасць служыць Літургію на беларускай мове і пасля першай службы па-беларуску прадставілі ў Мітраполію ліст падзякі за духоўную апеку над беларусамі. Цікава, што на першую беларускамоўную службу 19 сакавіка 2023 года прыйшло каля 50 вернікаў. Нават у Менску колькасць удзельнкіаў беларускамоўных служб бывае меншай.
На дадзены момант праваслаўныя служаць у Варшаве па-беларуску Боскую літургію раз на месяц у 8:00 па нядзелях у капліцы св. Рыгора Перадзэ (Варшава, Лелехоўская, 5). Пасля службаў ладзяцца лекцыі па гісторыі і культуры Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Сярод лектараў – прафесары, выкладчыкі Варшаўскага універсітэта, прафесіфныя гісторыкі і мастацтвазнаўцы.
Абвесткі пра службы і падзеі супольнасці размяшчаюцца ў сацсетках – тэлеграме (“Праваслаўныя Варшавы: літургія, сустрэчы, стасункі”) і фэйсбуку (“Праваслаўныя беларусы Варшавы: літургія, стасункі, інфармацыя”).
Інфармацыя пра дзейнасць беларускай праваслаўнай супольнасці паступова даходзіць да СМІ. Вось прыклады:
Выйшаў таксама сюжэт на тэлебачанні “Белсат”.
На нашу думку, умовы развіцця беларускай праваслаўнай супольнасці за межамі Беларусі ў нацыянальным рэчышчы зараз з’яўляюцца больш спрыяльнымі, чым у самой краіне. І гэта дае надзею тым людзям, якія паводле голасу сумнення не хочуць мець дачынення да цяперашняй царкоўнай улады у Беларусі і Расеі, якая дыскрэдытавала сябе супрацай з дыктатарскімі рэжымамі і падтрымкай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Беларускае грамадства пасля 2020 года стала ў пэўнай ступені больш свядомым, актыўным і адказным, беручы мноства ініцыятыў у свае рукі. Таму можам выказаць спадзеў, што беларусы ў іншых гарадах і краінах падхопяць апісаную намі ініцыятыву. Толькі, як паказаў кейс з Варшавай, трэба да гэтага прыкласці пэўныя намаганні.
[1] Аўтаномная царква, уваходзіць у супольнасць 15 памесных Праваслаўных цэркваў. Мітраполія кіруецца Мітрапалітам, у дадзены момант узначальваецца саборам мясцовых епіскапаў і мітрапалітам Саввам (Грыцуняком).
[2] Jerzy Grzybowski. Duszpasterstwo wojskowe wyznania prawosławnego Okręgu Korpusu I w latach 1922–1939. Wybrane zagadnienia // Przegląd Historyczno-Wojskowy, 2-3 (256-257). Warszawa. S. 119-144; Юры Грыбоўскі. Беларускае праваслаўнае жыццё ў Генерал-губернатарстве (1940–1944) // Acta Albaruthenica. Tom 18. Warszawa, 2018. С. 301-316 и др.
[3] Ён супадае з Грыгарыянскім і свецкім у датах святкавання Раства (25 снежня), а таксама святаў, якія не залежаць ад даты Пасхі. Такім чынам, гэты каляндар супадае са святочнымі рытмамі большасці насельніцтва Польшчы, а таксама іншых праваслаўных цэркваў (Канстантынопальскай, Эладскай і інш.). Аднак пашырэнне такой практыкі было нядаўна згорнута і Польская Царква збольшага вярнулася да юліянскага, старога календара. Толькі асобныя прыходы жывуць паводле новаюліянскага, дзе прыхаджане не захацелі вяртацца да старога календара.
[4] Калі каталікі Падляшша перасталі гаварыць па-беларуску ў часы ваеннага стану 1980-х гг., то праваслаўныя працягвалі дагэтуль мясцовыя гістарычныя моўныя звычкі. Адзначым таксама, што пасяля паўнамасштабнага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну, многія этнічныя беларусы адмаўляюцца ад сваёй ідэнтыфікацыі па прычыне падтрымкі рэжымам Лукашэнкі расійскай агрэсіі і нежадання сябе атаесамліваць з акупантамі.
[5] Narodowe Zjednoczenie Wojskowe – польская канспіратыўная ваенна-палітычная арганізацыя, якая дзейнічала пасля Другой сусветнай вайны. У яе ўваходзілі партызанскія атрады, якія змагаліся з савецкімі структурамі камуністычнага рэжыма ў Польшчы. Паколькі мясцовае праваслаўнае насельніцтва асацыяавалася з “рускімі”, яно трапляла пад карныя акцыі гэтай арганізацыі, што нярэдка скончваліся не толькі рабаваннем, фізічным гвалтам, разбурэннямі маёмасці, але і забойствамі праваслаўных.
[6] Польскі тэолаг, філосаф, даследчык расійскай філасофіі, перакладчык, былы выкладчык Варшаўскай духоўнай семінарыі, кафедры праваслаўнай тэалогіі Беластоцкага ўніверсітэта, член міжнародных асяродкаў патрыстычных даследаванняў, аўтар больш за 100 тэалагічных, патрыстычных публікацый.
[7] На тэрыторыі Польшчы на дадзены момант існуе невялікая колькасць польскамоўных прыходаў – такія ёсць у Гданьску, Уроцлаве, Любліне.
[8] Доктар тэалогіі, выкладчык Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве і Варшаўскай духоўнай семінарыі.
[9] Верагодна, справа зрушылася з мёртвай кропкі пасля вялікага скандала ў польскім грамадстве, які быў справакаваны кіраўніком Польскай Праваслаўнай царквы – 1 лютага 2023 года ён павіншаваў “ваеннага патрыярха” Кірыла (Гундзяева) з архіерэскай хіратоніяй, дзе прагучалі неадназначныя выказванні пра расійскае ўварванне ва Украіну.