Рэлігійныя пошукі Маляваныча

На канале «Жизнь малина» выйшла цікавая размова з акторам Аляксандрам Ждановічам, многім беларусам вядомым як Маляваныч. У лютым з-за пераследу ў Беларусі ён з’ехаў з краіны і аказаўся ў Грузіі.
Добрую частку размовы складаюць і пытанні рэлігійнага характару. Глядач даведаецца, што насамрэч Аляксандр з сям’і каталікоў, нават сямейнае прозвішча было “Ждановічы-Крукоўскія”, але пасля вайны бацька актора другую частку прозвішча выдаліў. У дарослым узросце Аляксандр паглыбіўся ў пытанні канечнасці жыцця, шмат чытаў рэлігійнай і філасофскай літаратуры і прыйшоў да Бога ў праваслаўным вызнанні.
З гутаркі даведаецеся шмат цікавых падрабязнасцей з жыцця Ждановіча, у тым ліку і рэлігійнага, і яго сям’і: як ён страціў жонку і як захапляўся ёю. Як у тварах пратэстуючых 2020 года ён бачыў прыкметы светласці, нейкай пасіянарнасці. Але расказвае і пра святара Андрэя Лемяшонка, які падтрымаў АМАП.
— Я не выйшаў з манастыра, але сваю пазіцыю я відавочна сказаў, я не пагадзіўся з той пазіцыяй, якую падтрымлівае Руская праваслаўная царква. Мой светапогляд у гэтай галіне пайшоў са знешняга ва ўнутранае. Калі гвалцяць жанчыну, а царква кажа “не трэба ўмешвацца, бо ты не ведаеш, што будзе далей”. Але прабачце, калі ёсць вайна, гвалт, забойства, хлусня. Татальная хлусня, якую падтрымлівае і царква… На гэтым шляху я бачу нейкія свае страты (стаў меньш спавядацца, прычашчацца), але хлусіць самому сабе я таксама не магу.