Сёння стала вядома пра прызначэнне першага амбасадара Беларусі пры Святым Пасадзе. Ім стаў дыпламат Юрый Амбразевіч.
Раней, 20 снежня мінулага года, была прынятая Пастанова Савета Міністраў аб адкрыцці амбасады Беларусі ў Ватыкане. Гэта было выклікана інтэнсіфікацыіяй ўзаемадзеянняў паміж рэжымам Лукашэнкі і Святым Пасадам, які валодае значным дыпламатычным уплывам на міжнародным узроўні.
Амбасадар у Ватыкане – гэта не проста дыпламат, які вядзе двухбаковую дыпламатычную працу. Акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе дыпламаты розных краін таксама ўзаемадзейнічаюць паміж сабой на пляцоўцы і пры пасярэдніцтве Ватыкана, таму гэтая пазіцыя дазваляе праводзіць і шматбаковую дыпламатычную працу з амбасадарамі тых краін, з якімі непасрэднае дыпламатычнае ўзаемадзеянне з’яўляецца немагчымым ці складаным, напрыклад, з амбасадарам Украіны. Плённасць шматгадовай сумеснай працы ў гэтым накірунку адзначаў і сам новапрызначаны амбасадар Юрый Амбразевіч.
Апроч таго, паколькі Ватыкан мае досвед пасярэдніцкай ролі паміж уладамі і апазіцыяй у краінах з аўтарытарным кіраваннем, прызначэнне амбасадара пры Святым пасадзе адкрывае магчымасць і для дэмакратычных сіл для пашырэння дыпламатычных кантактаў з прадстаўнікамі рэжыма.
Прызначэнне Юрыя Амбразевіча было чаканым. Імаверна, Амбразевіч стаў адказным у МЗС Беларусі за Ватыканскі накірунак пасля прызначэння Сяргея Алейніка міністрам у снежні 2022 г. З таго часу менавіта Амбразевіч быў прадстаўніком міністэрства на шэрагу знакавых мерапрыемствах каталіцкага Касцёла. Гэтак было падчас прэзентацыі перакладу Кодэкса Кананічнага Права на беларускую мову, Дні Папы ў 2023 г. і 2024 г., ці гашэнні беларуска-ватыканскай маркі ў Гродне ў 2024 г. Да гэтага супраца з міністрам Сяргеем Алейнікам, былым шматгадовым амбасадарам Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе і Суверэнным Мальтыйскім Ордэне, відавочна стала важным для Амбразевіча перыядам у перайманні досведу па супрацы з Ватыканам і Касцёлам агулам.
Фактычна адначасова з прызначэннем Амбразевіча была ўзгоднена і кандыдатура апостальскага нунцыя ў Беларусі – мансеньёра Іньяцыё Чэфаліа. Нунцый Чэфаліа – дасведчаны ватыканскі дыпламат, які мае досвед працы ў Венесуэле – краіне з аўтарытарным рэжымам, якая, падобна да Беларусі, знаходзіцца ў палітычным крызісе, мае палітычных зняволеных, і дзе пад ціскам знаходзіцца каталіцкі Касцёл. Задача мінімум для нунцыя – працягваць імплементаваць «пазітыўны нейтралітэт» паміж Касцёлам і ўладамі. Аднак вялікая імавернасць, што новы нунцый будзе выходзіць за межы гэтай мінімальнай задачы, і зможа паспрыяць агульнапалітычным працэсам.
Абодва прызначэнні ўкладаюцца ў далейшае развіццё узаемаадносінаў паміж Беларуссю (як рэжымам Лукашэнкі, так і дэмакратычнымі сіламі) і Ватыканам.
Фота: catholic.by