Евангельскі пастар, бацька трох малалетніх дзяцей Аляксандр Зарэцкі зноў быў арыштаваны на 15 сутак, паведамляе «Віцебская вясна». Агулам ён быў асуджаны на 30 сутак. Як і ў мінулы раз нагодай да прыцягнення стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Гэтым палічылі фотаздымак яго з дзіцём на фоне БЧБ-сцяга, які суправаджаўся графічнымі выявамі лагатыпа TUT.BY, а таксама публікацыю з інтэрнэт-супольнасці «Радыё Свабода», з выявай паходні аранжавага колеру.
Нагадаем, у 2020-м Аляксандр Зарэцкі падпісаў калектыўны Адкрыты ліст хрысціян Беларусі супраць гвалту. У 2021-м у яго праводзілі ператрус з нагоды крымінальнай справы, у якой ён меў статус сведкі.
У 2022-м мясцовая Евангельская царква атрымала адмову ад Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці на атрыманне «гуманітаркі».