Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Перад Калядамі Евангелічная царква Германіі нагадвае людзям пра лёс больш за паўтары тысячы палітвязняў, якія нявінна знаходзяцца ў турмах Беларусі. Востра і іранічна, з горкім, але не злым гумарам, кароткія назіранні аўтара Максіма Знака распавядаюць пра штодзённасць беларускага турэмнага свету, пра годнасць і самасцвярджэнне, пра ціхае і гучнае вар’яценне. Аўдыёкнігу “Зекамерон” у нямецкім перакладзе начытаў акцёр Б’ярнэ Мэдэль.

Петра Босэ-Хубер, віцэ-прэзідэнтка царкоўнага кіраўніцтва і замежная епіскапіня EKD, падкрэслівае важнасць аўдыёкнігі:

“Максім Знак з’яўляецца адным з каля паўтары тысячы палітзняволеных у Беларусі, усе з якіх бязвінна асуджаныя проста таму, што яны выступілі ў абарону свабоды, дэмакратыі і чалавечай годнасці. Як і шматлікія іншыя вядомыя палітвязні, Максім Знак знаходзіцца ў адзіночнай камеры. З пачатку года няма вестак пра ягонае жыццё. Ніхто не ведае, што з ім адбываецца зараз — застаецца толькі спадзявацца і маліцца, што ён жывы. Тым больш важна, што яго запісы змаглі трапіць да нас з турмы — і праз гэтую аўдыёкнігу мы можам пачуць яго пасланне на ўсё жыццё.”

Епіскапіня Босэ-Хубер лічыць, што апавяданні Максіма Знак з’яўляюцца нечым большым, чым проста турэмным дзённікам:

“Апавяданні Максіма Знака — гэта літаратурны акт супраціву. Знак піша не толькі для нас, але перш за ўсё дзеля сябе. Яго творчасць — гэта самаабарона. Яго тонкі гумар ёсць апошнім сродкам выратаваць сваю годнасць у бязвыхаднай сітуацыі зняволення.”

Разлік беларускага рэжыму на выкрасленне вязняў з грамадскай памяці спрацуе, кажа Босэ-Хубер:

“Як пратэстанцкая царква, мы не адмовімся ад таго, да чаго мы пакліканы праз Хрыста: адкрыць вусны знямелых, быць абаронцамі прыгнечаных і пераследаваных, і ўмешвацца ўсюды, дзе несправядлівасць і бесчалавечнасць крычаць да нябёсаў — як гэта адбываецца ў Беларусі.”

Максім Знак, 1982 года нараджэння, вядомы юрыст мірнага беларускага пратэстнага руху, быў арыштаваны ў верасні 2020 года. Свой зборнік “Зекамерон” са ста апавяданняў ён напісаў у нататнік падчас першага года знаходжання ў розных СІЗА. У верасні 2021 года ён быў асуджаны на дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за “стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі.” З лютага 2023 года ён знаходзіцца ў адзіночнай камеры без сувязі з навакольным светам, сям’ёй і адвакатам.

EKD і Нямецкае таварыства ўсходнееўрапейскіх даследаванняў са снежня 2020 года разам з беларускай праваабарончай арганізацыяй “Вясна” вядуць кампанію за вызваленне палітвязняў. Пра лёсы каля 1500 палітвязняў у Беларусі можна даведацца на www.100xSolidarität.de. Таксама там ёсць магчымасць напісаць ліст палітвязням, карыстаючыся шаблонам. Кампанію падтрымліваюць шматлікія грамадскія дзеячы Германіі.

Крыніца: https://www.ekd.de/ekd-erinnert-mit-hoerbuch-an-die—gefangenen-in-belarus-81989.htm

Таксама можа быць цікава