Падчас штогадовай аўдыенцыі дыпламатычнаму корпусу акрэдытаванаму пры Святым Пасадзе, папа звярнуў увагу на важнейшыя праблемы сучаснасці — пандэмія, міграцыйны крызіс, крызіс даверу шматбаковай дыпламатыі, войны і канфлікты.
На сустрэчы прысутнічаў таксама Сяргей Алейнік, намеснік міністра замежных спраў Беларусі. Падчас звароту папы ён сядзеў у першым шэрагу. МЗС Беларусі паведамляе, што пасля аўдыенцыі адбыліся перамовы Алейніка з дзяржсакратаром Святога Пасаду, кардыналам Пьетра Паралінам.
Трэба падкрэсліць, што Сяргей Алейнік, хоць і з’яўляецца паслом РБ пры Святым пасадзе, аднак працуе ў Мінску выконваючы абавязкі намесніка міністра Макея. Падаецца, што бакі выкарыстоўваюць традыцыйную штогадовую сустрэчу для непасрэдных кантактаў і перамоваў.
МЗС Беларусі паведамляе таксама, што запланавана сустрэча Алейніка з арцыбіскупа Галахерам, Дзяржсакратаром па зносінах з дзяржавамі, і карднылам Кохам, намеснікам Папскай Рады па садзейнічанню Хрысціянскаму Адзінству. Менавіта арцыбіскуп Галахер здзейсніў візіт у Беларусь неўзабаве пасля неўпушчэння арцыбіскупа Кандрусевіча.
Беларускі рэжым працягвае практыку шырокіх кантактаў непасрэдна з Ватыканам без актыўнага ўключэння ў іх мясцовых беларускіх біскупаў. Гэта толькі пацвярджае фасадны рэстарт адносінаў з беларускім Касцёлам пра які мы пісалі. Нашыя крыніцы пацвярджаюць, што нягледзячы на хвалю пазітыўных калядных матэрыялаў з касцёлаў у дзяржпрапагандзе, у аднаго грэка-каталіцкага святара адбыўся ператрус у царкве. Інфармацыі пра выпадак не было ні ў дзяржаўных, ні ў каталіцкіх СМІ.