На Ноч расстраляных паэтаў беларуская грамада ў Лёндане запоўніла царкву сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх Заступнікаў Беларускага Народу. Вечарыну арганізавала мясцовая Бібліятэка імя Францішка Скарыны, а вялі яе доктарка біблістыкі Караліна Мацкевіч і паэтка Ганна Комар. У кранальнай атмасфэры вядоўцы й прысутныя чыталі творы і прыгадвалі асобныя старонкі біяграфіяў літаратараў, расстраляных 29 кастрычніка 1937 г. у Менску: Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Майсея Кульбака ды іншых. А потым – шматлікія вершы цяперашніх палітзьняволеных, дасланыя з турмаў і хімій: Максіма Знака, Андрэя Скурко, Арцёма Федасенкі, Андрэя Александровіча й іншых вязьняў.