Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў СІЗА ў Менску. Адвакату пакуль не дазволілі зь ім сустрэцца. 

Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Васіль Завадзкі. Завадзкі — заснавальнік і дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы «ТаймАкт». Ідэя яе стварэньня належыць Мікалаю Аўтуховічу.

8 сьнежня ў сюжэце на «Беларусь-1» паведамілі пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча. Яго абвінавацілі ў стварэньні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

Кіраўнік КДБ Іван Тэртэль 17 сьнежня ў выступе перад калектывам прадпрыемства «Гродна-Азот» сказаў, што Мікалай Аўтуховіч хаваўся ў гаражы ў Берасьцейскай вобласьці ў свайго даўняга знаёмага і яго затрымалі «пры выхадзе ў краму».
Разам з Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькі чалавек, сярод іх праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, ягоныя жонка Любоў і сын.

«На жаль, пакуль вельмі мала вядома пра Мікалая. У лісьце ад 9 сьнежня, які атрымала маці Мікалая з горадзенскага абласнога КДБ, гаворыцца, што яго працэсуальны статус зьменены і ён будзе ўтрымлівацца ў СІЗА КДБ, — кажа Васіль Завадзкі. — Потым ліст датаваны 15 сьнежня, які атрымаў ад Міколы яго знаёмы, быў адпраўлены зь Менску. У лісьце Мікола піша, што трымаецца нармальна».
Паводле Васіля Завадзкага, у СІЗА да Міколы Аўтуховіча не дапускаюць адваката і не прымаюць перадачы.

«Гэта парушэньне ўсіх нормаў заканадаўства і Канстытуцыі, міжнародных абавязаньняў Беларусі. Мікола пазбаўлены юрыдычнай дапамогі. Спачатку адвакату сказалі, што ўжо пазнавата, але чарга яе падышла недзе а 15-й гадзіне. У другі дзень людзі дапамаглі, мы занялі чаргу а 6-й гадзіне раніцы і былі першымі. Але ў СІЗА сказалі, што ня могуць пусьціць праз каранавірус. На заўтра мы зноў занялі чаргу, але, калі адчынілася бюро прапускоў, там ужо вывесілі аб’яву, што праз каранавірус наагул наведваньні забароненыя».

Таксама не ўдалося перадаць перадачу для Міколы Аўтуховіча.

«Я і родная сястра Міколы ўжо зрабілі шмат спробаў, але перадачы прымаць адмаўляюцца. А пасылкі, якія адпраўляла сястра, вярнуліся. Мы напісалі скаргу ў пракуратуру і СІЗА КДБ, але пакуль ніякай рэакцыі», — кажа Васіль Завадзкі.

Завадзкі сумняваецца ў праўдзівасьці інфармацыі пра Мікалая Аўтуховіча, агучанай на БТ.

«У мяне вельмі вялікія сумневы. Атрымліваецца, што ў «тэрарыстычную групоўку» ўваходзіць вясковы сьвятар, жанчына-пэнсіянэрка з інваліднасьцю. Як у гэта можна паверыць? Я ня веру».

Паводле Васіля Завадзкага, відэаролікі з арсэналамі паказвалі з самых розных нагодаў, калі гаварылі пра «Белы легіён», пра расейскіх баевікоў-вагнэраўцаў, нібыта з Украіны прарываліся «джыпы» зь нейкімі арсэналамі.

«Пра ўсё гэта ціха забыліся. І тое, што цяпер паказваюць, веры гэтаму няма, — кажа Васіль Завадзкі. — Мікола сваіх поглядаў ня ўтойваў, публікаваў у фэйсбуку ўльтыматумы і сьмелыя пасты, даволі ясна гаварыў пра свае мэты і задачы. Ён казаў пра неабходнасьць зьмены рэжыму. Але гэта ня тыя мэтады (тое, што было паказана па БТ. — РС), якія выбраў бы Мікола».

Паводле Васіля Завадзкага, шмат людзей цяпер зьвяртаюцца з дапамогай ня толькі для Міколы, але і для тых, каго затрымалі разам зь ім.

«Сястра Міколы кажа, што ў яе заробак 350 рублёў, а адзін дзень працы адваката каштуе больш, чым яе заробак. І перадачу сабраць — таксама на сем’і цяжар кладзецца. Таму калі магчыма, то трэба дапамагаць».

Васіль Завадзкі кажа, што заўтра пойдзе на Галоўпаштамт адпраўляць пасылку Міколу.

«Можа, ня вернуць. Два тыдні таму адпраўляў Міколу грашовы перавод, то ён пакуль не вярнуўся. Спадзяюся, што дайшоў».

Радыё Свабода

Таксама можа быць цікава