Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Шаноўныя сябры, сёстры і браты, калі Ісус нараджаецца ў гэтым свеце, ён прыходзіць у нездаровае палітычнае асяроддзе: цар Ірад ужо на той момант “перасядзеў”. Чым старэйшы ён быў, тым горшы, нездарма ў нас у чэшскай мове існуе выраз “Злы як Ірад”. Евангелле паводле Мацвея паказвае нараджэнне Ісуса ў тагачасным палітычным кантэксце: не паспеў Ісус нарадзіцца, а ўжо трапіў пад палітычны пераслед. Ірад баіцца за сваю пасаду і таму брутальна забівае. Мы з вамі ў Празе, і можам прыгадаць, на чыім баку ў гэтай біблійнай гісторыі Бог – на чыім баку Ён у гісторыі кожнай жорсткай дыктатуры. Непадалёк адсюль знаходзіцца Віфлеемская капліца. Гэта не звычайная маленькая каплічка, а вялікі храм, у якім прамаўляў казані майстар Ян Гус. Віфлеемская капліца нясе назву ў гонар віфлеемскіх немаўлят – дзяцей-ахвяр палітыкі Ірада. Ірад пакінуў па сабе ў гісторыі толькі благое імя – а ў памяць пра ягоныя ахвяры мы будуем капліцы, дзе гучыць слова Божае. Я веру, што і сёньня Бог праяўляе сябе ў гісторыі падобным чынам. Розныя дыктатары і нелюдзі заўжды нарэшце знікаюць са сцэны, і па іх застаецца толькі брыдкае паслясмачча. Тыя, хто здаваўся бездапаможны перад імі, не забытыя ў Бога, але адмысловым чынам жывуць надалей. Мы згадваем іх на кожнае Раство, калі гаворым пра віфлеемскіх немаўлят, калі прыгадваем ахвяры ўсіх бесчалавечных дыктатур, усякага зла. Бо зло ў гісторыі канец канцоў не перамагае. Перамагае Бог, і перамагае ў тым ліку дзеля тых, дзеля каго Ён прыйшоў у гэты свет – дзеля малых і слабых, пра якіх іншыя могуць думаць, быццам Богу да іх няма клопату. А пры гэтым менавіта яны ёсць у гісторыі галоўным – як мы бачым на прыкладзе маленькай і вялікай гісторыі Ісуса. Ён нарадзіўся дзесьці на ўскрайку цывілізаванага свету, як дзіця стаў палітычным уцекачом, уратаваўся дзякуючы ласцы егіпцян, якія прынялі сям’ю, што ўцякла ад пераследу. Вяртанне на радзіму не магло быць вяртаннем дамоў, таму што на радзіме адзін дэспат прыйшоў на змену другому. І ўсё ж для Ісуса знайшоўся новы дом – у Назарэце, таму што ў Бога былі з Ісусам свае планы.

Я веру, што кожны з нас, мужчына і жанчына, можа перажыць частку гісторыі Ісуса, таму што ў Бога з намі таксама ёсць свае планы. Божая гісторыя ўвасабляецца ў гісторыі бездапаможнага дзіцяці. І ў нашай бездапаможнасці таксама можа ўвасабляцца Божая гісторыя. Раство нясе з сабою ціхае святло і радасць. Пра гэта сведчыць і другое імя Ісуса – Імануіл, што перакладаецца як “Бог з намі”.Дарагія сябры, жадаю вам, каб вы мелі гэтае адчуванне не толькі падчас калядных святаў, але і ў буднія дні, калі мы перажываем пагрозу каронавірусу, калі ў Беларусі дыктатура паказвае людзям свой бесчалавечны твар – адчуванне, што ўсё зло ў свеце канец канцоў прайграе, і што вы са сваімі турботамі не адны, бо з вамі Бог, з якім вы сустракаецеся ў сваіх блізкіх і ў маленькім дзіцяці з Віфлеема. Не бойцеся, абвяшчаю вам вялікую радасць – нарадзіўся ваш Збаўца. Амін.

Міклуш Выментал, 23 снежня, эвангелічны збор святога Сальватара, Прага
Пераклад з чэскай мовы — Макс Шчур.

Беларусы Чэхii / Bělorusové v ČR

Таксама можа быць цікава