Царква і палітычны крызіс у Беларусі

Зварот групы “Хрысціянская візія” з нагоды Ўсебеларускага Народнага Сходу

Зварот групы “Хрысціянская візія” з нагоды Ўсебеларускага Народнага Сходу

Зварот групы “Хрысціянская візія” з нагоды Ўсебеларускага Народнага Сходу
Аўтар
Хрысціянская візія

Арганізацыя"Хрысціянская візія"

Міжканфесійнае аб’яднанне беларускіх хрысціян, створанае на хвалі мірных пратэстаў 2020 г.

11-12 лютага ў Менску будзе праходзіць Усебеларускі Народны Сход пад заклікам “Еднасць! Развіццё! Незалежнасць!” Гэтых рэчаў сапраўды зараз бракуе ў нашым грамадстве — яно знаходзіцца ў глыбокім грамадска-палітычным крызісе, справакаваным фальсіфікацыяй выбараў, надзвычайным узроўнем гвалту і рэпрэсій. Значную частку грамадства ўлады не чуюць і не жадаюць чуць, адказваючы насіллем і ціскам на апраўданую незадаволенасць грамадзян.

Чым ёсць Усебеларускі Сход? Можа, гэта спосаб, якім улады хочуць даць народу слова? Чаму ж тады дэлегаты на яго абіраліся па закрытых спісах, праз Саветы дэпутатаў, а прафсаюзам, працоўным калектывам, грамадскім арганізацыям і аб’яднанням не было дадзена магчымасці вылучыць сваіх прадстаўнікоў, якія маглі б агучыць тыя праблемы, якія іх хвалююць? Чаму ж арганізатары ўжо загадзя распісалі сцэнарый, хто будзе выступаць на Сходзе і ў якім парадку? 

Хіба гэта падобна на дыялог? Хіба гэта падобна на спробу знайсці паразуменне і пачаць сумесна вырашаць праблемы, якія сёння паўсталі перад нашым народам? Хіба можа быць адзінства там, дзе патаптаныя справядлівасць і права? Хіба можа быць развіццё там, дзе няма свабоды? Хіба бывае незалежнасць без абароны чалавечай годнасці? 

Дыялог можа будавацца толькі на прынцыпах павагі да кожнага чалавека. Так вызначае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — асноўны дакумент, паводле якога павінна жыць грамадства і дзейнічаць дзяржава: “Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі ёсць найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай дзяржавы і грамадства” (арт. 2). 

Мы, святары, багасловы, супрацоўнікі хрысціянскіх СМІ і арганізацый міласэрнасці, проста актыўныя хрысціяне праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкіх канфесій, аб’яднаныя ў групу Каардынацыйнай Рады “Хрысціянская візія” дзеля супольнай працы і супольнага сведчання, звяртаемся сёння да дэлегатаў Народнага Сходу, і ў першую чаргу — да прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, якія маюць узяць удзел у сходзе, — мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, і біскупа Казіміра Вялікасельца, Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

Шаноўныя іерархі! Калі Вам будзе дадзена магчымасць звярнуцца да ўдзельнікаў Схода, мы заклікаем Вас слухаць сваё сумленне, слухаць словы нашага Настаўніка і Госпада — Ісуса Хрыста, Які заклікае сваіх вучняў, Царкву Хрыстову, быць Ягонымі вачамі, Ягонымі вушамі, Ягонымі рукамі і Ягонымі вуснамі ў гэтым свеце, быць прарочым голасам, быць голасам тых, хто пазбаўлены голасу, пакрыўджаных, пакінутых, закатаваных, згвалтаваных і забітых.

Заклікаем вас скарыстацца магчымасцю звярнуцца да прысутных на Сходзе, каб асудзіць беззаконне ў нашай краіне. У вашай моцы заклікаць да вызвалення вязняў і маштабнага нацыянальнага дыялогу, які ў перспектыве павінен вывесці наш народ з грамадска-палітычнага крызісу і адкрыць шлях да станоўчых перамен у Беларусі. 

Хрысціяне моляцца, каб Ваш удзел у Сходзе быў “на славу Божую”, а не “прычынай упадку… для Царквы Божай” (1 Кар. 10:31-32).

Хрысціянская візія


Тэгі

Папярэдні пост і наступны пост


Вам таксама будзе цікава

После «Крокуса»

После «Крокуса»

Зафея Дзяконская