Пратаярэй Андрэй Яварэц: Мае свечкі працягваюць гарэць па тых, хто стаецца ахвярай той здушальнай цемры, якая ахінула Беларусь

Ужо колькі разоў думаў, што пара ўжо мяняць застаўку на сваім профілі. Бо ўсё ж, ад моманту гібелі Рамана Бандарэнкі прайшоў пэўны час, свечкі за спачын яго душы адгарэлі, ды і бягучыя падзеі вымагалі адпаведных рэакцый. Але ж, неяк не выпадала. І пэўна, не здарма.

І імаверна таму, што агульны дух часу заставаўся такім – змрочным, напружаным, цёмным. У якім цяжка было жыць і дыхаць. І некаторыя, нажаль, задыхалася… Як мой амаль што зямляк Вітальд Ашурак. Які змагаўся за чысціню паветра ў роднай яму Бярозаўцы і чысціню вады ў невялікай, але прыгожай Дзітве. А таксама, за чысціню адносін паміж дзяржавай і грамадствам, каб панавалі закон і праўда. І які верыў, што ў гэтым 2021 годзе ён выйдзе на свабоду. Бо не зрабіў ніякага зла. І вось, цяпер ты, Вітальдзе, свабодны… Назаўжды, у вечных прасторах Божага свету…

Таму, мае свечкі працягваюць гарэць там, дзе яны і гарэлі дагэтуль. Па ўсім, хто стаецца ахвярай той здушальнай цемры, якая ахінула Беларусь. У тым ліку і тых людзей у пагонах, якія апошнімі днямі сыходзяць з жыцця, імаверна, кідаючыся самыя ў абдымкі смерці. Нажаль, у гэты момант яны не ўспомнілі пра Цябе, Госпадзе, і не скіравалі сваё сумленне на пакаянне і прымірэнне з Табой. Пашкадуй іх, Божа, і дай суцяшэнне іх блізкім!

Крыніца