Арцыбіскуп Кандрусевіч да паствы: «Мы не можам быць народам без маральных прынцыпаў і веры»

У свята святога Арханёла Міхала 29 верасня на заканчэнне ўрачыстай святой Імшы ў мінскай катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі да сабраных вернікаў па відэасувязі звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца ў незаконным выгнанні.

Свой зварот да паствы ў свята нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі скіраваў з касцёла ў Бельску Падляскім — горадзе ў Польшчы, дзе жыве шмат этнічных беларусаў.

Вітаючы ўсіх сабраных у свята святога Арханёла Міхала ў мінскай катэдры і тых, хто духоўна да іх далучыўся дзякуючы арганізаванай парталам Catholic.by відэатрансляцыі, арцыпастыр падзякаваў ім за супольную малітву ў інтэнцыі хутчэйшага мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.

«Гэта знак нашага супольнага клопату і адказнасці за нашую будучыню», — падкрэсліў пры гэтым іерарх.

Нагадаўшы біблейскую гісторыю збунтаваных супраць Бога анёлаў, якія сталі злымі духамі і зводзяць людзей, арцыбіскуп зазначыў, што бунт супраць Бога выліўся ў супрацьстаянне паміж людзьмі, «бо калі чалавек не любіць Бога, то не любіць і бліжняга».

«Крызіс, з якім сутыкнулася наша Бацькаўшчына, для паспяховага вырашэння патрабуе не толькі чалавечых намаганняў, але і аднаўлення нашых адносін з Богам. А каб іх адбудаваць, неабходныя малітва, пакаянне і прабачэнне.Касцёл з самага пачатку крызісу заклікае да гэтага. Падобнай з’яўляеццца і пазіцыя Праваслаўнай Царквы, пра што сведчыць заклік новага Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён растлумачыў, што 29 верасня Касцёл адзначае свята арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала.

«Міхал з’яўляецца ўвасабленнем перамогі ў барацьбе са злом. Ён заклікае нас на першае месца ставіць Бога і Ягоны закон. Габрыэль з’яўляецца ўвасабленнем добрай весткі, бо менавіта ён абвясціў Марыі радасную вестку, што яна Богам выбрана стаць Маці Збаўцы. Рафал — апякун вандроўнікаў і хворых.

Штодзённае жыццё паказвае, што свет і таксама наша краіна маральна хворыя. Пра гэта сведчыць не толькі грамадска-палітычны крызіс, але таксама і крызіс сям’і, Божага дару жыцця, маральнасці і г.д. Таму неабходна як мага хутчэй духоўна лячыць нашу Бацькаўшчыну, каб хвароба не стала лятальнай.

Сёння мы звяртаемся да цябе, святы арханёле Рафале, дапамажы ў лячэнні нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час. Гэтае лячэнне неабходна распачаць з перамены сэрца. Без змены духоўнага жыцця ўсе нашыя планы ўдасканалення грамадства будуць ілюзорнымі і лопнуць, як мыльная бурбалка», — адзначыў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Ён дадаў, што аблічча зямлі — гэта не столькі развітая прамысловасць, навука, культура, медыцына, інфраструктура, сацыяльныя інстытуты і г.д., колькі духоўны стан чалавека.

«Мы не можам быць народам без маральных прынцыпаў і веры. Будынак нашага грамадства павінен грунтавацца на духоўных прынцыпах, здольных не толькі яго падтрымліваць, але таксама асвятляць і ажыўляць.

У выніку грамадска-палітычнага крызісу Беларусь падзелена. Грамадзяне той самай краіны знаходзяцца на розных баках барыкад. Святы арханёле Міхале, выпрасі ў Бога ласку нашаму падзеленаму народу паглядзець у вочы адзін аднаму і распачаць шчыры дыялог у праўдзе, зыходзячы з прынцыпу любові да Бога і бліжняга, з мэтай вырашэння крызісу.

Пераможца злога духа, барані нас ад усялякага зла, каб, жывучы паводле Божага закону, мы змаглі дабром перамагчы зло і каб ніколі ніхто не „пераабуваў“ нас у чужую нашай хрысціянскай культуры мараль, а мы не падымалі рукі адзін супраць аднаго», — узнёс малітву праз заступніцтва нябеснага Апекуна Касцёла ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне відэазвароту іерарх яшчэ раз падзякаваў за малітвы ў інтэнцыі Бацькаўшчыны і хутчэйшага завяршэння крызісу, а таксама за яго вяртанне да паствы.

«Я штодзённа адчуваю вашу малітоўную падтрымку і салідарнасць са мной, што вельмі важна, бо біскуп, таксама, як і кожны святар, узяты з народа і для народа пастаўлены ў Божых справах», — прызнаўся арцыпастыр і скіраваў сваё пажаданне вернікам і ўсяму народу Беларусі:

«У гэты складаны і лёсавызначальны час нашай гісторыі, Галгофы ХХІ стагоддзя нашага народа, умацаваныя прыкладам і заступніцтвам нашых нябесных Апекуноў святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, застанемся ж вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб прыкладам свайго жыцця абвяшчаць Евангелле збаўлення.Не страцім жа надзеі на лепшую будучыню, будзем любіць Бога і бліжняга — нават таго, хто чыніць нам зло; навучымся прабачаць адзін аднаму. Любоў — крэатыўная, і ёй па сілах тое, чаго не можа чалавек, які давярае толькі сабе самому і свайму рацыянальнаму розуму».

catholic.by